Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГВІЯ́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

пласкагор’е на ПнУ Паўд. Амерыкі, на Пн ад Амазонскай нізіны, на тэр. Венесуэлы, Бразіліі, Гаяны, Сурынама і Франц. Гвіяны. Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 2000 км. Выш. да 3014 м (г. Нябліна). Гвіянскае пласкагор’е з’яўляецца шчытом Паўд.-Амерыканскай платформы. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, месцамі перакрытых пясчанікамі і кангламератамі. Радовішчы жал. і марганцавых руд, урану, золата, алмазаў, баксітаў. У рэльефе пераважаюць цокальныя дэнудацыйныя пакатахвалістыя раўніны выш. 150—400 м з асобнымі астраўнымі вяршынямі. Больш горны рэльеф у цэнтр. ч., дзе сталовыя пясчанікавыя плато (Сера-Імеры, Сера-Парыма і інш.) са стромкімі схіламі з’яўляюцца акумулятарамі вільгаці (нараджаюцца шматлікія рэкі, якія належаць да рачных сетак Амазонкі і Арынока). У межах Гвіянскага пласкагор’я — самы высокі на Зямлі вадаспад Анхель. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра 27—28 °C; ападкаў за год ад 1200—1700 мм у цэнтры да 3500 мм на З і У. На З і У вільготныя лясы на чырвона-жоўтых латэрытных глебах, у цэнтры пераважна лістападна-вечназялёныя лясы на чырвоных глебах з участкамі саваннаў, на пясчанікавых плато камяністыя пустыні. Жывёльны свет вельмі багаты; шыраканосыя малпы, ляніўцы, мураўеды, браняносцы, тапіры, пекары, апосумы, ягуары. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Здабыча карысных выкапняў.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 5, с. 107

ГВІЯ́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. ўздоўж паўн.-ўсх. берагоў Паўд. Амерыкі, галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Т-ра вады 26—28 °C. Скорасць 1,8—2,3 км/гадз. Пачынаецца каля мыса Сан-Рокі (Бразілія) і накіроўваецца на ПдЗ уздоўж берагоў Гвіяны ў Карыбскае м., дзе злучаецца з паўд. патокам Паўд. Пасатнага цячэння.

т. 5, с. 107

ГВІЯ́НСКАЯ НІЗІ́НА,

прыбярэжная нізіна на ПнУ Паўд. Амерыкі, у Гаяне, Сурынаме і Франц. Гвіяне. Размешчана ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак., паміж дэльтай р. Арынока і 4° паўн. шыраты. Шыр. да 200 км. Складзена з марскіх і алювіяльных адкладаў; месцамі ўзнімаюцца стараж. крышт. пароды, якія ў рэльефе ўтвараюць астраўныя ўзвышшы. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэдняя т-ра ад 26 да 28 °C, ападкаў да 3300 мм за год. На Пн і Пд пераважаюць вечназялёныя лясы, у цэнтр. ч. — саванны, уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі, балоты. Плантацыі рысу, цукр. трыснягу; вырошчваюць каву, какаву, трапічную садавіну.

т. 5, с. 107

ГВО́ЗДЗЕВА АСТРАВЫ́,

гл. Дзіяміда астравы.

т. 5, с. 107

ГВО́ЗДЗЕЎ Міхаіл Спірыдонавіч, рускі геадэзіст і падарожнік 1-й пал. 18 ст. Вучыўся ў маскоўскай навігацыйнай школе (1716) і Марской акадэміі (1719). З 1732 на боце «Св. Гаўрыіл» пад камандай І.Фёдарава здзейсніў плаванне да берагоў Берынгава прал. У выніку былі даследаваны і нанесены на карту часткі азіяцкага і амер. ўзбярэжжаў гэтага праліва.

т. 5, с. 107

ГВО́ЗДЗІКАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 29.11.1951, г. Віцебск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум. і станковай пластыцы. Сярод манум. твораў помнікі Героям Сав. Саюза А.Углоўскаму (1978), М.Сільніцкаму (1981), мемар. ансамбль, прысвечаны дзецям М.П.Шмырова (1984), помнікі мастакам М.Шагалу (1992) і І.Хруцкаму (1996), нар. арт. Беларусі Г.Дубаву (1996). Аўтар станковых кампазіцый: «Партрэт бацькі» (1975), трыпціх «Нараджэнне палёту» (1980), «Рэпін у Здраўневе» (1987) і інш. Творы вылучаюцца завершанасцю і лаканізмам, выразнай рытмікай, пластычнай мадэліроўкай.

М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 107

ГВО́ЗНІЦА,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на З ад горада і чыг. ст. Маларыта, 45 км ад Брэста. 673 ж., 242 двары (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму.

т. 5, с. 107

ГДАНЬСК (Gdańsk),

горад на Пн Польшчы. Адм. ц. Гданьскага ваяводства. 463,1 тыс. ж. (1993). Цэнтр гар. агламерацыі Труймяста (г. Гдыня, Сопат). Буйнейшы порт Польшчы каля вусця Віслы ў Гданьскім зал. Балтыйскага м. Вываз вугалю, серы, лесаматэрыялаў, увоз руд, фасфатаў і інш. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабудаванне і вытв-сць суднавага абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (угнаенні, лакі, фарбы), нафтаперапр., харч., швейная, мэблевая. 6 ВНУ, філіял АН. Тэатры.

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 997. У 10—13 ст. цэнтр Усх.-Паморскага княства, у 1308 захоплены Тэўтонскім ордэнам. У 1454 вызвалены ў выніку паўстання гараджан, у складзе Рэчы Паспалітай. У 15—17 ст. Гданьск — буйнейшы цэнтр польск. знешняга гандлю. У 1656 у час польска-швед. вайны (1656—57) асаджаны шведамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Прусіі (1793) і атрымаў ням. назву Данцыг. У 1807—15 вольны горад, падначалены Францыі. Да 1918 пад герм. уладаннем. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 ператвораны ў «вольны горад Данцыг» пад кіраваннем Лігі Нацый; праз Гданьск Польшча атрымала выхад да Балтыйскага м. (гл. Польскі калідор). 1.3.1939 захоплены фаш. Германіяй, вызвалены 30.3.1945 войскамі 2-га Бел. фронту разам з 1-й польск. бранятанк. брыгадай У 1970 забастоўкі і дэманстрацыі рабочых задушаны ўрадавымі войскамі. У 1980 цэнтр агульнапольскага забастовачнага руху (гданьская суднаверф), месца падпісання пагаднення з уладамі і стварэння незалежнай прафс. арг-цыі «Салідарнасць». У Гданьску знаходзіцца ген. консульства Рэспублікі Беларусь.

На левым беразе р. Матлава — гіст. ядро горада (раёны Старога горада, Новы горад, Гал. горад з рэгулярнай забудовай вуліц), рэшткі цагляных гар. умацаванняў і партовых збудаванняў 14—15 ст., гатычныя Гал. ратуша (1378—16 ст.), касцёлы Дзевы Марыі (1342—1502), св. Катажыны (13—15 ст.), св. Тройцы (1420—1514) і інш., «двор Артуса» (14 — пач. 17 ст.). У стылях рэнесансу і маньерызму забудаваны «Верхнія» (1574—88) і «Залатыя» (1612—14) вароты, «Двор польскіх каралёў» (1563—68), арсенал (1602—05), «Залаты дом» (1609—17), дом абатаў Пяльплінскіх (1612). Разбураныя ў час 2-й сусв. вайны арх. помнікі адноўлены, вядзецца буд-ва адзінага гар. комплексу Гданьск Сопат—Гдыня. Помнік героям Вестэрплятэ (1966). 4 музеі, у т. л. Паморскі, Зброевая палата.

Літ.:

Кшижановский Л. Гданьск: Пер. с пол. М., 1980;

Historia Gdańska. Т. 1—2. Gdańsk, 1978—82.

т. 5, с. 107

ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),

у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс. чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц.г. Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).

т. 5, с. 108

ГДА́НЬСКІ ЗАЛІ́Ў, Гданьская бухта (польск. Zatoka Gdańska),

заліў Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы і Расіі. Даўж. да 74 км, шыр. каля ўваходу 107 км, глыб. да 115 м. У Гданьскі заліў упадае р. Вісла. Салёнасць 8 ‰. На ПнЗ Гэльская каса аддзяляе ад Гданьскага заліва Пуцкую бухту, на ПдУ Балтыйская каса — Віслінскі і Калінінградскі залівы. Прылівы мяшаныя (да 0,1 м). Гал. парты: Гдыня, Гданьск (Польшча), Балтыйск (Расія).

т. 5, с. 108