НІКАЛАЙЧУ́К (Лідзія Уладзіміраўна) (н. 3.6.1941, с. Траешчына Палонскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне радыеэкалогіі і фітатэрапіі. Канд. мед. н. (1969), праф. (1994). Скончыла Вінніцкі мед. ін-т (1963). З 1983 у Брэсцкім ун-це. Навук. працы па выкарыстанні метадаў фітатэрапіі ў лячэнні і прафілактыцы эндакрынных захворванняў.
Тв.:
Сахароснижающие растения. Мн., 1989;
Лечение сахарного диабета растениями. Мн., 1998;
Секреты траволечения. Мн., 1998 (разам з Л.А.Бажэнавай).
т. 11, с. 335
НІ́КАН (?—1088),
царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».
т. 11, с. 335
НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),
царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял. царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.
Літ.:
Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 133—220.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 335
НІ́КАН (Мікола) (3.1.1908, Варшава — 16.6.1999),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Скончыў Свіслацкую гімназію (1928) і вышэйшыя курсы ў Варшаве (пасля 1931). Настаўнічаў. У пач. 2-й сусв. вайны мабілізаваны ў польск. армію, трапіў у Вільню. Арганізатар і дырэктар настаўніцкіх курсаў, настаўнічаў у гімназіі ў Гродне. З 1943 афіцэр у Андэрса арміі. З 1946 у Англіі, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, ініцыятар куплі ў Лондане будынка для Бел. дома. З канца 1951 у Аўстраліі, да 1968 працаваў на нафтаперапр. камбінаце. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага цэнтральнага камітэта, ініцыятар стварэння і шматгадовы кіраўнік бел. вячэрняй школы і бел. б-кі ў г. Мельбурн, быў карэспандэнтам газ. «Беларус» (Нью-Йорк) па Аўстраліі. Ініцыятар склікання Першага сусв. з’езда бел. эміграцыі (1948) і Першай сустрэчы беларусаў Аўстраліі (1976). Нам. старшыні Рады БНР па Аўстраліі. Чл. кіраўніцтва Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі (рэферэнт архіва і дакументацыі).
А.С.Ляднёва.
т. 11, с. 335
НІ́КАНАВІЧЫ,
вёска ў Чырвонаслабодскім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПдУ ад горада і 22 км ад чыг. ст. Быхаў, 50 км ад Магілёва. 497 ж., 212 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 11, с. 335
НІ́КАНАЎ (Леанід Мікалаевіч) (3.7.1872, Масква — 30.4.1952),
бел. вучоны ў галіне батанікі, педагог. Праф. (1920). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1897, Польшча). У 1934—41 у Віцебскім пед. ін-це (заг. кафедры), у 1943—50 у БДУ (да 1946 заг. кафедры). Навук. працы па методыцы выкладання прыродазнаўства.
Тв.:
Жизнь растения в простейших опытах. 4 изд. Пг.;
М., 1919;
Практические занятия по ботанике в сельской школе. Л., 1925.
т. 11, с. 335
НІКА́НДРА (Nicandra),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 1 від — Н.фізалісападобная (N. physaloides). Радзіма — Паўд. Амерыка, адкуль занесена ўсюды. Культывуецца на Беларусі, трапляецца як здзічэлая і заносная на агародах, засмечаных месцах.
Аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцябло цвёрда-апушанае, рабрыстае, галінаванае. Лісце чаргаванае, яйцападобнае, выемчата-зубчастае. Кветкі адзіночныя, паніклыя. Вяночак званочкавы з блакітнаватым адгінам і белай трубачкай. Плод — шматнасенная сухая ягада ў пухірападобнай крылатай чашачцы. Лек., дэкар. і ядавітая расліна.
В.В.Маўрышчаў.
т. 11, с. 336
НІКА́НДРАВА (Ганна Аляксееўна) (13.10.1921, в. Барашкіна Краснагародскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.6.1944),
удзельніца вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941. Камсорг стралк. батальёна старшы лейт. Н. вызначылася пры прарыве абароны праціўніка ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл.: першая паднялася ў атаку і павяла за сабой байцоў; загінула ў гэтым баі. У г. Дуброўна помнік на яе магіле, подзвіг Н. увекавечаны ў мемар. комплексе «Рыленкі».
т. 11, с. 336