НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
т. 11, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)