ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,
выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.
т. 6, с. 172
ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс. км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр. да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд. т.
Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.
т. 6, с. 172
ДНЯПРО́ЎСКІ ЛІМА́Н,
заліў Чорнага м. каля берагоў Украіны. Уразаецца ў сушу на 55 км. Шыр. 7,4—16,7 км, глыб. каля 5 м. На З адгароджаны ад мора нізкай пясчанай Кінбурнскай касой. Злучаны з Чорным м. пралівам шыр. 4,3 км. Зімой замярзае. У Д.л. упадаюць рэкі Дняпро і Паўд. Буг, які ў ніжнім цячэнні ўтварае Бугскі ліман. На Д.л. порт Ачакаў.
т. 6, с. 172
ДНЯПРЭ́Ц,
рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Быстрая (бас. Дняпра). Даўж. 25 км. Пл. вадазбору 71 км² Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Зайцава. Цячэ па паўд. схілах Смаленскага ўзв. і па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. На рацэ вадасх. Дняпрэц.
т. 6, с. 172
ДНЯПРЭ́Ц,
вадасховішча ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., за 7 км на У ад г. Горкі, каля вёсак Буды, Кварцяны, Паляшчыцы. Створана на р. Дняпрэц у 1979. Пл. 0,98 км, даўж. 6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 4,4 млн. м³. Слабапраточнае. Ваганні ўзроўню на працягу года 5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 6, с. 172
ДНЯСТРО́ЎСКІ ЛІМА́Н,
заліў Чорнага м., з якім злучаны вузкім пралівам; затопленае вусце р. Днестр. Пл. 360 км². Даўж. 41 км, шыр. 4—12 км, глыб. 2,6 м. Зімой часткова замярзае. На Д.л. гарады Белгарад-Днястроўскі, Авідзіопаль.
т. 6, с. 173
ДО́БАСНА, Дабасна, Добысна,
рака ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 81 км. Пл. вадазбору 874 км². Пачынаецца каля пас. Скачок Кіраўскага р-на. Цячэ ў межах паўн. ч. Гомельскага Палесся. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 700—900 м. Пойма двухбаковая, яе шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с. На рацэ вадасх. Добасна.
т. 6, с. 173
ДО́БАСНА,
вадасховішча ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., за 10 км на У ад г.п. Кіраўск, каля вёсак Лешчанка, Кісцяні, Барчыцы і Новая Добасна. Створана на р. Добасна ў 1969. У 1974—81 рэканструявана. Пл. 1,68 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 2,5 м, аб’ём вады 1,9 млн. м³. Берагі выш. да 2 м, пад ворывам і хмызняком. Дно выслана торфам і пяском. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 6, с. 173
ДО́БІ ((Dobi) Іштван) (31.12.1898, с. Сёнь, медзье Комарам, Венгрыя — 24.11.1968),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл. Партыі дробных сельскіх гаспадароў (з 1934), кіраўнік левага крыла (з 1937) і старшыня гэтай партыі (1947—52). Удзельнік Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Старшыня СМ Венгрыі (1948—52). У 1950—60-я г. на кіруючых пасадах у с.-г. кааперацыі, чл. і адзін з кіраўнікоў Венг. сацыяліст. рабочай партыі. Герой Сац. Працы Венг. Нар. Рэспублікі (1967).
Тв.:
Рус. пер. — Исповедь и история: Воспоминания. М., 1967.
т. 6, с. 173
ДО́БІЯШ ((Dobiáš) Вацлаў) (22.9.1909, Радчыцы, каля г. Семілі, Чэхія — 1978),
чэшскі кампазітар, муз. дзеяч. Нар. арт. ЧССР (1976). Вучыўся ў кансерваторыі (1932—37) і ў Школе вышэйшага майстэрства (1937—39) у Празе. Праф. пражскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (з 1950). Старшыня Саюза кампазітараў ЧССР (1955—63). Старшыня Камітэта муз. фестывалю «Пражская вясна» (да 1978). Сярод асн. твораў: 3 кантаты, у т. л. «Будуй Радзіму — умацуеш мір» (3-я рэд. 1950, Залаты медаль Міру Сусв. Савета Міру); 3 сімфоніі (1943, 1957, камерная 1939), 4 стр. квартэты, санет «Аб роднай краіне» і інш., фп. п’есы, санаты, вак. цыклы, масавыя песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія ЧССР 1952.
т. 6, с. 173