ГАРЦ
(Harz),
горны масіў ў Германіі. Працягласць каля 90 км. Выш. да 1142 м (г. Брокен). Складзены з гранітаў, кварцытаў, сланцаў. У рэльефе — платопадобная вяршыня, стромкія схілы, моцна расчлянёныя прытокамі рэк Везер і Эльба. Радовішчы медзі, серабра, свінцу, цынку. Піхтавыя і шыракалістыя лясы, лугі. Перадгор’і ўзараныя. Прыродны парк. Рэзерваты Обергарц, Бодэталь. Кліматычныя курорты: Бланкенбург, Вернігеродэ, Гернродэ і інш. Турызм.
т. 5, с. 73
ГАРЧА́К
(Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас. р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
т. 5, с. 73
ГАРЧАКО́Ў Аляксандр Міхайлавіч
(15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
т. 5, с. 73
ГАРЧАКО́Ў Мікалай Міхайлавіч
(19.8.1898, С.-Пецярбург — 28.8.1958),
рускі рэжысёр і педагог, тэатразнаўца. Засл. дз. маст. Расіі (1943). Д-р мастацтвазнаўства (1948). Творчую дзейнасць пачаў у 1922 у 3-й Студыі МХТ, вучань Я.Б.Вахтангава. З 1924 (з перапынкамі) рэжысёр МХАТа. Сярод спектакляў: «Квадратура круга» В.Катаева (1928), «Мальер» М.Булгакава (1936), «Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана (1940), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, разам з І.М.Раеўскім) і інш. Адначасова маст. кіраўнік маскоўскіх т-ра Сатыры (1933—41 і 1943—48) і т-ра драмы (1941—43), дзе паставіў спектаклі: «Час, наперад!» Катаева (1947), «Рускія людзі» К.Сіманава і «Фронт» А.Карнейчука (абодва 1942). Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.
Тв.:
Беседы о режиссуре. М.; Л., 1941;
Режиссерские уроки К.С.Станиславского. Беседы и записи репетиций. 3 изд. М., 1952;
Режиссерские уроки Вахтангова. М., 1957.
т. 5, с. 73
ГАРЧЫ́ЦА
(Sinapis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі як пустазелле на палях, агародах, каля дарог трапляюцца гарчыца палявая, або дзікая (S. arvensis), і гарчыца белая, або англійская (S. alba). Гарчыцу белую культывуюць як кармавую, алейную і вострапрыпраўную расліну. Гарчыцай таксама называюць некат. віды капусты, марской гарчыцы.
Адна-, рэдка двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце суцэльнае ці лірападобна-надрэзанае, чаргаванае, апушанае. Кветкі невялікія, двухполыя, жоўтыя ці белавата-жоўтыя, у доўгіх гронках. Плод — двухстворкавы стручок з доўгім носікам. Вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны, некаторыя віды — пустазелле. Насенне мае да 40% тлустага алею, гліказід сінігрын, фермент міразін. З яго робяць харч. гарчычны і эфірны алеі, сталовую гарчыцу, мед. гарчычнікі і інш.
т. 5, с. 73
ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,
раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.
т. 5, с. 74
ГАРШКО́Ў Аляксандр Георгіевіч
(н. 8.10.1946, Масква),
савецкі спартсмен (фігурнае катанне на каньках). Адзін з лепшых фігурыстаў свету (спарт. танцы на лёдзе) 1-й пал. 1970-х г. Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1970, Масква). Алімпійскі чэмпіён 1976, чэмпіён свету ў 1970—74, 1976, Еўропы 1971, 1973—76 (усё ў пары з Л.Пахомавай).
т. 5, с. 74
ГАРШКО́Ў Сяргей Георгіевіч
(26.2.1910, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 1988),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1967), двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1982). Скончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1931), курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1941). З 1932 на Ціхаакіянскім, з 1939 на Чарнаморскім флоце. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, з ліст. 1942 каманд. 47-й арміяй, у 1943—48 — Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, эскадрай Чарнаморскага флоту. У 1948—55 нач. штаба і каманд. Чарнаморскім флотам. У 1956—85 галоўнакаманд. ВМФ, нам. міністра абароны СССР. Дзярж. прэмія СССР 1980, Ленінская прэмія 1985.
т. 5, с. 74
ГАРШНЭ́П
(Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн. ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
т. 5, с. 74