ГАРЧЫ́ЦА
(Sinapis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі як пустазелле на палях, агародах, каля дарог трапляюцца гарчыца палявая, або дзікая (S. arvensis), і гарчыца белая, або англійская (S. alba). Гарчыцу белую культывуюць як кармавую, алейную і вострапрыпраўную расліну. Гарчыцай таксама называюць некат. віды капусты, марской гарчыцы.
Адна-, рэдка двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце суцэльнае ці лірападобна-надрэзанае, чаргаванае, апушанае. Кветкі невялікія, двухполыя, жоўтыя ці белавата-жоўтыя, у доўгіх гронках. Плод — двухстворкавы стручок з доўгім носікам. Вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны, некаторыя віды — пустазелле. Насенне мае да 40% тлустага алею, гліказід сінігрын, фермент міразін. З яго робяць харч. гарчычны і эфірны алеі, сталовую гарчыцу, мед. гарчычнікі і інш.
т. 5, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)