ГАРШНЭ́П
(Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн. ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
т. 5, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)