Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКО́РД

(ад італьян. сугучнасць),

спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.

Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл. Санорыка), фактар гучнасці.

Літ.:

Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.

т. 1, с. 198

АКО́РДНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

разнавіднасць здзельнай формы заработнай платы, калі аб’ём работы загадзя агавораны ў пагадненні, а аплата ажыццяўляецца за поўнае выкананне гэтага аб’ёму.

т. 1, с. 199

АКО́СТА

(Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 199

АКР

(англ. acre),

адзінка зямельнай плошчы ў краінах, якія карыстаюцца англ. сістэмай мер (Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Аўстралія і інш.). 1 акр = 4840 кв. ярдам = 4046,86 м².

т. 1, с. 199

АКРА...

(ад грэч. akros крайні, самы аддалены, высокі),

састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) «які адносіцца да канечнасцяў, органаў, частак цела»; 2) «які адносіцца да вяршыні», «верхні», напр., акраверш, акрасома.

т. 1, с. 199

А́КРА

(Accra),

горад, сталіца Ганы, порт у Гвінейскім заліве. Засн. ў 16 ст. 970 тыс. ж. (1990). Міжнар. аэрапорт. Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Гандл.-прамысл. і культ. цэнтр. Металаапр., механазборныя, тэкст., лесапільныя, будматэрыялаў, харч. прадпрыемствы; з-д эл.-абсталявання. Саматужная вытв-сць вырабаў з золата і серабра. Рынак алмазаў і какава-зярнят. Акадэмія навук. Ун-т. Нац. музей. Еўрап. форты 17 ст.

т. 1, с. 199

АКРАБАЛІ́СТЫ

(ад грэч. akrobolistēs стралкі),

воіны лёгкай конніцы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э., узброеныя дроцікамі і лукамі. Звычайна вялі разведку, пачыналі бітву, гналіся за праціўнікам, які адступаў.

т. 1, с. 199

АКРАБА́ТЫКА

(ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),

1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).

2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец. фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.

3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл. Акрабатычнае мастацтва.

Да арт. Акрабатыка. Трэніроўка спартсменаў.

т. 1, с. 199

АКРАБАТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, акрабатыка,

жанр цыркавога і эстраднага мастацтва; дэманстраванне нумароў, заснаваных на майстэрскім валоданні целам і высокім развіцці мускулатуры.

Са старажытнасці вядома ў Егіпце, Грэцыі, Рыме, Візантыі, Кітаі, Японіі. У сярэднія вякі элементы акрабатыкі ўключалі ў свае выступленні вандроўныя акцёры: шпільманы (Германія), жанглёры (Францыя), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь і Расія) і інш. Як род цыркавога відовішча акрабатычнае мастацтва вылучылася ў канцы 18—19 ст. (конная, партэрная акрабатыка).

У сучасным цырку акрабатычнае мастацтва падзяляецца на скачковае (на зямлі), плечавое, сілавое, пластычнае, коннае, ікарыйскія гульні, вальтыжыроўку, камічнае. Элементы акрабатычнага мастацтва выкарыстоўваюць амаль ва ўсіх інш. жанрах — паветранай гімнастыцы, эквілібрыстыцы, гімнастыцы на снарадах, жангліраванні, клаунадзе, дрэсіроўцы, а таксама ў харэагр. мастацтве, тэатр. і эстрадных паказах, у т. л. ў пантаміме і поп-групах.

Да арт. Акрабатычнае мастацтва. Партэрны палёт.

т. 1, с. 199

АКРАВЕ́РШ

(ад акра... + верш),

верш, у якім рытмічная выразнасць дапаўняецца зрокавай: першыя літары радкоў (радзей склады або словы) утвараюць слова ці нават фразу (звычайна імя аўтара або адрасата). Развіўся з магічных тэкстаў і стаў папулярны ў эпоху сярэднявечча і барока. Першыя ва ўсх.-слав. паэзіі акваверш стварыў Ф.Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы» (1522). У сучаснай паэзіі сустракаецца таксама акваверш з апошніх літар радкоў (тэлеверш) і сярэдніх (мезаверш), якія могуць утвараць больш складаныя фігуры.

т. 1, с. 199