Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКРУГЛЕ́ННЕ ліку,

набліжанае выяўленне ліку з дапамогай канечнай колькасці лічбаў. Пры акругленні з недахопам апошняя пакінутая лічба не мяняецца, пры акругленні з лішкам — павялічваецца на адзінку. Праводзіцца паступова справа налева паводле правіла: калі адкінутая лічба a ≤ 4 або калі a = 5 і апошняя пакінутая лічба цотная, то акругляюць з недахопам, у астатніх выпадках — з лішкам. Адрозніваюць акругленне да пэўнага ліку дзесятковых знакаў, калі загадзя ўказваецца нумар апошняга разраду, і акругленне да пэўнага ліку вартасных лічбаў, напр., акругленне ліку 78,6741 да першага дзесятковага знака дае лік 78,7, да другога — 78,67, да дзвюх вартасных лічбаў — 79.

т. 1, с. 201

АКРУ́ЖНАСЦЬ,

замкнёная плоская крывая, усе пункты якой знаходзяцца ад яе цэнтра O на аднолькавай адлегласці, роўнай радыусу R (гл. рыс.). Прамая AB, што злучае 2 пункты акружнасці, наз. яе хордай, хорда CD, што праходзіць праз цэнтр O, — дыяметрам. Адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра выражаюцца лікам π = 3,1415... . Даўжыня акружнасці роўная 2πR. Гл. таксама Круг.

Акружнасць: AB — хорда; CD — дыяметр; R — радыус; O — цэнтр акружнасці.

т. 1, с. 201

АКРУЖНА́Я Святлана Арцёмаўна

(н. 26.1.1947, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выконвае ролі лірыка-драматычныя, востракамедыйныя, характарныя: Дачка («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Люська («Радавыя» А.Дударава), Анютка («Улада цемры» Л.Талстога), Галя Чацвяртак («А зоры тут ціхія» паводле Б.Васільева), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта), Люсі Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.Шэно), Франка («Хам» паводле Э.Ажэшкі) і інш.

С.А.Акружная.

т. 1, с. 201

АКРУЖЭ́ННЕ

(ваен.),

ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.

Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 1, с. 201

А́КРЫ

(Acre),

штат на Пн Бразіліі, у вярхоўях рэк Журуа і Пурус. Пл. 152,6 тыс. км². Нас. 412 тыс. чал. (1989). Адм. ц.г. Рыу-Бранку. На тэр. Акры вільготныя трацічныя лясы. Збор соку гевеі, браз. арэхаў. Паляванне. Спажывецкае земляробства.

т. 1, с. 201

АКРЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,

найпрасцейшая арганічная ненасычаная кіслата, CH2=CH-COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 140,9 °C, шчыльн. 1,05·10​3 кг/м³, змешваецца з вадой, спіртамі, эфірамі. Аказвае каразійнае дзеянне, лёгка палімерызуецца (для працяглага захоўвання карыстаюцца інгібітарамі). Солі і эфіры акрылавай кіслаты наз. акрылатамі.

Атрымліваюць акісленнем прапілену: CH2=CH-CH3 + O2 → CH2=CH-COOH. Выкарыстоўваюць у вытв-сці іонаабменных смолаў, каўчукоў, эфіраў (гл. Поліакрылаты). Акрылавую кіслату і яе солі дабаўляюць у друкарскія фарбы, пасты і інш.

т. 1, с. 201

АКРЫ́ЛАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,

гл. ў арт. Поліакрыланітрыльныя валокны.

т. 1, с. 201

АКРЫ́ЛАВЫЯ КЛЕ́І, поліакрылавыя клеі,

сінтэтычныя клеі на аснове вытворных акрылавай, метакрылавай ці цыянакрылавай кіслот. Найб. пашыраны акрылавыя клеі з манамерных эфіраў ці раствораў поліакрылатаў ва ўласных манамерах ці інертных арган. растваральніках. Некаторыя акрылавыя клеі мадыфікуюць інш. манамерамі ці сінт. смоламі для надання ім спецыфічных уласцівасцяў (эластычнасці, тэрмаўстойлівасці, трываласці клеявых злучэнняў і інш.). Выкарыстоўваюцца для склейвання металаў, пластмасаў, драўніны, паперы, сілікатнага і арган. шкла (у т. л. аптычнага), цыянакрылатныя клеі — пры хірург. аперацыях. З акрылавых клеяў вырабляюць ліпкія стужкі і пластыры.

т. 1, с. 201

АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,

растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.

т. 1, с. 201

АКРЫЛАМІ́Д,

арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CONH2. Мал. м. 71,07. Бясколерныя крышталі, tпл 84,5 °C. Раствараецца ў вадзе, метаноле, ацэтоне.

Атрымліваюць з акрыланітрылу: CH2=CH-CN H2O → CH=CH-CONCONH2. Манамер для атрымання поліакрыламіду і яго супалімераў, мадыфікатар гумавых сумесяў. Раздражняе слізістыя абалонкі (ГДК у вадзе 0,2 мг/м³).

т. 1, с. 201