ХАЛІКАТЭ́РЫІ (Chalicotheriidae),
сямейства вымерлых млекакормячых атр. няпарнакапытных. Каля 15 родаў. Вядомы з кайназойскіх адкладаў Азіі, Еўропы і Паўн. Амерыкі. Жылі ад эацэну да плейстацэну.
Памеры ад авечкі да буйнога каня, да якога яны, напэўна, былі падобныя знешне і будовай чэрапа. Шыя доўгая. Пярэднія ногі доўгія, чатырох- або трохпальцыя, заднія адносна кароткія і масіўныя. На пальцах кіпцюры. Карміліся мяккімі раслінамі, каранямі і клубнямі.
т. 16, с. 529
«ХАЛІМО́Н»,
бел. нар. танец-гульня, прымеркаваны да Каляд. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Кампазіцыя блізкая да стараж. нар. гульняў «Верабей», «Чарнец», «Ката́ печ» і інш. Выконваецца ў суправаджэнні аднайм. песні і інстр. найгрышу. У цэнтры круга саліст ілюструе змест песні. Фіналам служыў агульны парны танец. Зафіксаваны ў пач. 20 ст. ў Мсціслаўскім пав., цэнтр. і зах. раёнах Беларусі.
В.М.Яшчанка.
т. 16, с. 529
ХАЛІ́Н (ад грэч. cholē жоўць),
азоцістае арган. рэчыва, якое змяшчаецца ў тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах і неабходна для нармальнага абмену тлушчаў. Найб. багатыя Х. мяса, рыба, соевая мука. Уваходзіць у састаў ацэтылхаліну, фосфаліпідаў. Атрыманы з жоўці. Валодае ліпатропным дзеяннем, папярэджвае развіццё тлушчавай інфільтрацыі печані. Адносяць да вітамінаў групы В.
Пластычны матэрыял для пабудовы структур жывой тканкі, можа сінтэзавацца ў арганізме з серыну. Недахоп Х. ў спалучэнні з бялковай недастатковасцю выклікае тлушчавую дэгенерацыю печані, садзейнічае развіццю цырозу печані. У суткі чалавеку неабходна 250—600 мг Х. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 16, с. 530
ХАЛІНАЛІ́ТЫКІ (ад халін + грэч. lytikos здольны раствараць, аслабляць),
халіналітычныя сродкі, халінаблакатары, група лекавых сродкаў расл. і сінт. паходжання, якія блакіруюць халінарэцэптары. Адрозніваюць м-Х. (напр., атрапін, скапаламін, метацын), н-Х.—2 групы (гангліяблакатары і міярэлаксанты) і м-н-Х. (напр., спазмаліцін, цыкладол, паркапан).
Некат. Х. блакіруюць пераважна перыферычныя (напр., метацын, гігроній), інш. — цэнтр. халінарэцэптары (напр., амізіл, цыкладол). М-Х. і м-н-Х. пераважна перыферычнага дзеяння выкарыстоўваюць пры спазмах гладкай мускулатуры органаў брушной поласці, для агляду вочнага дна і інш.); Х. цэнтр. дзеяння — для лячэння паркінсанізму і інш. Уласцівасцямі Х. валодаюць некат. транквілізатары, антыгістамінныя прэпараты і інш.
І.М.Семяненя, А.М.Шадко.
т. 16, с. 530
ХАЛІНАМІМЕ́ТЫКІ (ад халін + грэч. mimētikos узнаўляльны, які можа пераймаць),
лекавыя сродкі, прыродныя і сінт. рэчывы. Адрозніваюць Х. прамыя і непрамыя. Прамыя ўзбуджаюць халінарэцэптары клетак арганізма, на якія ўздзейнічае ацэтылхалін. Яны падзяляюцца на 3 групы: м-Х. (мускарын, які ўтрымліваецца ў мухаморах, пілакарпін і інш.), н-Х. (нікацін, лабелін, анабазін і інш.) і м-н-Х. (ацэтылхалін, карбахалін). Да непрамых Х. адносяцца антыхалінэстэразныя сродкі (празерпін, фізастыгмін, галантамін).
М-Х. выклікаюць звужэнне зрэнкі, зніжэнне ўнутрывочнага ціску, брадыкардыю і інш. Н-Х. актывуюць сімпатычную нерв. сістэму. узмацняюць вылучэнне адрэналіну з наднырачнікаў, павышаюць артэрыяльны ціск. рэфлекторна ўзбуджаюць дыханне і інш. Пры дзеянні м-н-Х. пераважаюць эфекты м-Х. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні глаўкомы. для прафілактыкі і ліквідацыі атаніі кішэчніка і мачавога пузыра, пры атручэнні халіналітыкамі і інш.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 530
ХАЛІНЕРГІ́ЧНЫЯ НЕРВО́ВЫЯ ВАЛО́КНЫ,
нервовыя валокны. канцавыя ўчасткі якіх выпрацоўваюць медыятар ацэтылхалін. Знаходзяцца ў перыферычнай і цэнтр. нерв. сістэмах пазваночных і беспазваночных жывёл. Да іх адносяць парасімпатычныя нервы; прэгангліянарныя і постгангліянарныя сімпатычныя валокны, што інервуюць потавыя залозы і расшыраюць сасуды; саматычныя нерв. валокны. Апасродкуюць перадачу ўзбуджэння ў сінапсах. утвораных рухальнымі нейронамі ў шкілетных мышцах, парасімпатычнымі і некат. сімпатычнымі нейронамі ў залозах, сасудах і інш., а таксама перадачу тармажэння, напр., канцавымі ўчасткамі валокнаў блукальнага нерва.
А.С.Леанцюк.
т. 16, с. 530
ХАЛІНФАСФАТЫ́ДЫ,
складаныя эфіры, тое, што лецыціны.
т. 16, с. 530
ХАЛІНЭСТЭРА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідралітычнае расшчапленне эфіраў халіну. Найб. біял. значэнне мае ацэтылхалінэстэраза. Сываратка крыві, печань, падстраўнікавая залоза і інш. органы і тканкі жывёл і чалавека змяшчаюць «псеўдахалінэстэразы» — неспецыфічныя Х., якія разбураюць вытворныя халіну хутчэй, чым ацэтылхалін.
т. 16, с. 530
ХАЛІ́П Уладзімір Трафімавіч (н. 7.10.1939, в. Двор Пліна Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. тэатразнавец, драматург. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў БДУ (1963). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», уласным карэспандэнтам па Беларусі газ. «Советская культура». З 1970 у ЦК КПБ, гал. рэдактар Дзяржкіно Беларусі, з 1981 на кінастудыі «Беларусьфільм» (кіраўнік сцэнарнай майстэрні), з 1987 маст. кіраўнік студыі дакумент. фільмаў «Летапіс». Даследуе праблемы інсцэнізацыі празаічных твораў у тэатрах Беларусі (манаграфія «Радок, прачытаны тэатрам», 1973). Аўтар п’ес «Цень гары» (паст. 1987, Бел. т-р імя Я.Купалы), «Год чумы» (1991), сцэнарыяў маст. фільмаў «Полымя» (1974, з Г.Бураўкіным, Ф.Коневым), «Мама, я жывы!» (1985), тэлефільма «Нас выбраў час» (1—2-я серыі 1976, 3—5-я — 1978; з А.Петрашкевічам), тэлесерыяла «Пракляты ўтульны дом» (паводле рамана С.Жаромскага «Верная рака», 33 серыі, 1999), дакумент. фільмаў «Брэсцкая крэпасць» (1975), «Тры колеры радасці» (1979), лібрэта опер «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Візіт дамы» (паст. 1995, абедзве Дзярж. т-р оперы і балета), «Юбілей» (паст. 2001, Нац. т-р оперы), «Матухна Кураж» (паст. 1982, Малдаўскі т-р оперы і балета, Каўнаскі музычны т-р) і інш. Выступае ў перыяд. друку па праблемах тэатра і кіно.
В.С.Іваноўскі.
т. 16, с. 530
ХАЛІ́ТАЎ Фуад Ібрагімавіч (18.2.1909, Казань, Татарстан — 1981),
татарскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1957). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў студыю (1930), працаваў у Казанскім рабочым т-ры. З 1937 у Татарскім акад. т-ры імя Г.Камала. Стварыў самабытныя вобразы тат. асветніка Каюма Насыры («Каюм Насыры» М.Галі і Х.Уразікава) і паэта Мусы Джаліля («Муса» Н.Ісанбета). З інш. роляў: Хуснутдзін («Хаджы Эфендзі ажаніўся» Ш.Камала), Шаіхмірза («Амерыканец» К.Тынчурына), Маргарытаў («Позняе каханне» А.Астроўскага), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна), Кент, Рамэо («Кароль Лір», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Плужын («Чалавек з боку» І.Дварэцкага), Бланка («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка).
т. 16, с. 530