ХАЛІ́Н (ад грэч. cholē жоўць),
азоцістае арган. рэчыва, якое змяшчаецца ў тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах і неабходна для нармальнага абмену тлушчаў. Найб. багатыя Х. мяса, рыба, соевая мука. Уваходзіць у састаў ацэтылхаліну, фосфаліпідаў. Атрыманы з жоўці. Валодае ліпатропным дзеяннем, папярэджвае развіццё тлушчавай інфільтрацыі печані. Адносяць да вітамінаў групы В.
Пластычны матэрыял для пабудовы структур жывой тканкі, можа сінтэзавацца ў арганізме з серыну. Недахоп Х. ў спалучэнні з бялковай недастатковасцю выклікае тлушчавую дэгенерацыю печані, садзейнічае развіццю цырозу печані. У суткі чалавеку неабходна 250—600 мг Х. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 16, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)