ХАЛІКАТЭ́РЫІ (Chalicotheriidae),

сямейства вымерлых млекакормячых атр. няпарнакапытных. Каля 15 родаў. Вядомы з кайназойскіх адкладаў Азіі, Еўропы і Паўн. Амерыкі. Жылі ад эацэну да плейстацэну.

Памеры ад авечкі да буйнога каня, да якога яны, напэўна, былі падобныя знешне і будовай чэрапа. Шыя доўгая. Пярэднія ногі доўгія, чатырох- або трохпальцыя, заднія адносна кароткія і масіўныя. На пальцах кіпцюры. Карміліся мяккімі раслінамі, каранямі і клубнямі.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)