ХАЛІНАМІМЕ́ТЫКІ (ад халін + грэч. mimētikos узнаўляльны, які можа пераймаць),

лекавыя сродкі, прыродныя і сінт. рэчывы. Адрозніваюць Х. прамыя і непрамыя. Прамыя ўзбуджаюць халінарэцэптары клетак арганізма, на якія ўздзейнічае ацэтылхалін. Яны падзяляюцца на 3 групы: м-Х. (мускарын, які ўтрымліваецца ў мухаморах, пілакарпін і інш.), н-Х. (нікацін, лабелін, анабазін і інш.) і м-н-Х. (ацэтылхалін, карбахалін). Да непрамых Х. адносяцца антыхалінэстэразныя сродкі (празерпін, фізастыгмін, галантамін).

М-Х. выклікаюць звужэнне зрэнкі, зніжэнне ўнутрывочнага ціску, брадыкардыю і інш. Н-Х. актывуюць сімпатычную нерв. сістэму. узмацняюць вылучэнне адрэналіну з наднырачнікаў, павышаюць артэрыяльны ціск. рэфлекторна ўзбуджаюць дыханне і інш. Пры дзеянні м-н-Х. пераважаюць эфекты м-Х. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні глаўкомы. для прафілактыкі і ліквідацыі атаніі кішэчніка і мачавога пузыра, пры атручэнні халіналітыкамі і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)