Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЯ́ТЛАЎКА, Дзянцелка, Зітала, Памарайка,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Моўчадзь (бас. Нёмана). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 151 км². Пачынаецца каля в. Юравічы, у межах Навагрудскага ўзв., цячэ праз г. Дзятлава. На ўсім працягу каналізаваная. Каля в. Нагародавічы створана сажалка.

т. 6, с. 165

ДЗЯ́ТЛАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з вер. 1941 да ліп. 1944 у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім р-нах Гродзенскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала больш за 30 чал., 2 групы: у в. Явар (20 чал., кіраўнікі С.І.Белы, Б.І.Белы), в. Зачэпічы (М.П.Сніціч, Н.П.Сніціч). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты; вясной 1942 пашкодзілі тэлеф. сувязь паміж вёскамі Нясілавічы і Гезгалы; здабылі звесткі пра размяшчэнне варожага гарнізона ў г.п. Казлоўшчына, з іх дапамогай партызаны восенню 1942 разграмілі гарнізон; з групай партызан праводзілі дыверсіі на чыгунцы, падпалілі склады на ст. Наваельня. У канцы 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан.

М.Ф.Шумейка.

т. 6, с. 165

ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.

Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).

А.М.Кулагін.

Дзятлаўская сядзіба. З малюнка Н.Орды. 19 ст.

т. 6, с. 166

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ КАСЦЁЛ УСПЕ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,

помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1624—46 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. Гал. фасад і інтэр’ер пасля пажару ў 1743 перабудаваны (да 1751; арх. А.Асікевіч).

Мураваны 1-нефавы 2-вежавы храм накрыты агульным 2-схільным (над апсідай конусападобным) дахам. Сцены рытмічна расчлянёны вертыкальнымі контрфорсамі. Гал. фасад падзелены развітымі гарызантальнымі цягамі на 3 часткі. Фасады ўпрыгожаны плоскімі пілястрамі, раскрапоўкамі, хвалістымі карнізамі, глыбокімі нішамі. У інтэр’еры зберагліся 7 алтароў 18 ст. ў стылі ракако.

Т.В.Габрусь.

Дзятлаўскі касцёл Успення Багародзіцы.

т. 6, с. 166

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.Салятыцкага і карціна мастака П.Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.Сусаніна.

Т.В.Палховіч.

т. 6, с. 166

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ РАЁН,

на ПдУ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 41,6 тыс. чал. (1996), гарадскога — 36%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Дзятлава; гар. пасёлкі Казлоўшчына і Наваельня, 226 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Вензавецкі, Войневіцкі, Гербелевіцкі, Данілавіцкі, Дварэцкі, Дзем’янавецкі, Дзянісаўскі, Дзятлаўскі, Жукоўшчынскі, Мяляхавіцкі, Парэцкі, Раготнаўскі, Рудаяварскі, Таркачоўскі.

Паверхня раёна ўзгоркава-раўнінная. На Пн і 3 Нёманская нізіна, на У адгор’і Навагрудскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 140—200 м, найвыш. пункт 283 м (на ПдУ ад Дзятлава). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны (у т. л. цэментныя і аглапарытавыя), буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Нёман з прытокамі Моўчадзь (на ёй Гезгальскае вадасх.) з Дзятлаўкай і Шчара з Пад’яваркай. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна, лясы пераважна хваёвыя.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,3 тыс. га, з іх асушана 15,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 14 калгасаў і 3 с.-г. калектыўныя прадпрыемствы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, бульбаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Пасевы лёну. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць віна-лікёра-гарэлачных вырабаў, цукерак-карамеляў, макароны, крухмалу і інш.), лёгкай (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Ліда—Баранавічы, аўтадарогі Ліда—Дзятлава—Слонім, Дзятлава—Наваельня—Навагрудак, Наваельня—Баранавічы. У раёне 18 сярэдніх, 8 базавых і 1 пач. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 22 дашкольныя ўстановы, 30 клубаў, 46 б-к, 4 бальніцы, 28 фельч.-ак. пунктаў. Санаторыі «Наваельня» (рэсп. туберкулёзны), «Радон» (міжкалгасны), дзіцячы «Ластаўка». Помнікі архітэктуры: капліца (1928) у в. Азяраны; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Боркі; Петрапаўлаўская царква (1875) у в. Вензавец; Троіцкая царква (1897) у в. Войневічы; Георгіеўская царква (1866) у в. Вял. Воля; Георгіеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Горка; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл Цела Гасподняга (1904) і Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Дварэц; сядзіба (1819) у в. Жыбарты; капліца (1908) у в. Лапушна; Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Нагародавічы; царква (1836) у в. Накрышкі; царква (19 ст.) у в. Нянадавічы; касцёл Анёла Стража (19 ст.) у в. Раготна; касцёл св. Юзафа (пач. 20 ст.) у в. Руда Яварская; царква Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) у в. Явар. Выдаецца газ. «Перамога».

т. 6, с. 166

ДЗЯ́ТЛЫ,

гл. ў арт. Дзятлавыя.

т. 6, с. 166

«ДЗЯЎЧЫ́НА Ў ЗЕ́ЛЕНІ»,

кветкавая расліна. Гл. ў арт. Чарнушка.

т. 6, с. 166

ДЗЯ́ЦЕЛ ЧО́РНЫ,

гл. Жаўна.

т. 6, с. 166

ДЗЯ́ЦЬКАЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,

прадпрыемства гатунковага (сталовага) шклянога посуду і вырабаў з хрусталю ў г. Дзяцькава Бранскай вобл. (Расія). Засн. ў 1790 І.А.Мальцовым. Асн. прадукцыя: высокамаст. хрусталь з алмазнай гранню і вырабы з нацветам. Славіўся гутным посудам. На з-дзе ствараюць новыя формы посуду, удасканальваюць прыёмы іх апрацоўкі і аздаблення (глыбокае траўленне, гравіроўка, налепы і інш.).

т. 6, с. 167