Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАЛКО́ЎСКІ ((Галкаўскас; Galkauskas) Канстанцін Міхайлавіч) (16.6.1875, г. Вільня — 20.2.1963),

літоўскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Беларус. Нар. арт. Літвы (1955). Праф. (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1908, вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава). З 1908 вёў пед. дзейнасць у Вільні (з 1945 у кансерваторыі), арганізаваў сімф. аркестр (1909) і муз. школу (1919). У 30-я г. ўдзельнічаў у культ. жыцці Зах. Беларусі. Многія яго вак. творы засн. на бел. муз. фальклоры, напісаны на вершы бел. паэтаў: ансамблі, рамансы і хары на вершы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, З.​Бядулі, К.​Буйло; апрацоўкі бел. нар. песень, нар. харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя з сімф. аркестрам). Аўтар лібрэта няздзейсненай оперы «Сымон-музыка» (паводле Я.​Коласа). Сярод інш. твораў: оперы «Цыганы» (1908) і «Мізэрэрэ» (1909), муз. камедыі «Ласка Амура» (1925), «Алімпіяда» (1926), балет «Прывід маці» (1930), сімфонія «Масква» (1948), камерна-інстр. творы, хары, рамансы.

Літ.:

Шырма Р.Р. Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі // Песня — душа народа. Мн., 1976;

Matulaityte A. Konstantinas Galkauskas. Vilnius, 1975.

К.М.Галкоўскі.

т. 4, с. 466

ГАЛКО́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 20.5.1942, в. Судзілы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета (з 1996 Нац. акад. т-р оперы Беларусі). Сярод партый нац. рэпертуару: Сяргей («Алеся» Я.​Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С.​Картэса), Раман («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ціханаў («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера). У класічным рэпертуары вылучаюцца партыі драм. і лірыка-драм. плана: Пінкертон, Каварадосі («Чыо-чыо-сан», «Тоска» Дж.​Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Радамес, Дон Карлас («Аіда», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Герман, Вадэмон («Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анатоль Курагін («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1973).

А.​Я.​Ракава.

т. 4, с. 466

ГАЛМЕ́Й,

мінерал, тое, што каламін.

т. 4, с. 466

ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),

адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.

Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.

т. 4, с. 466

ГАЛО́ВАЧКА,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 4, с. 467

ГАЛО́ВЕЦ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 26 км на ПнУ ад Полацка, сярод лесу. Пл. 0,3 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 4,88 км². Пратокай злучана з воз. Чарвятка.

т. 4, с. 467

ГАЛО́ДНА, Галубінае возера,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.

На ПнУ выцякае ручай у воз. Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.

т. 4, с. 467

ГАЛО́ДНЫ (Міхаіл) (сапр. Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),

рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.​Я.​Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.​Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.​Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.​Броўка, П.​Глебка, А.​Дудар, Я.​Журба, А.​Звонак, К.​Кірэенка, В.​Маракоў, П.​Пестрак, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Стихотворения;

Баллады;

Песни. М., 1959;

Бел. пер. — Выбраныя вершы. Мн., 1936;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

т. 4, с. 467

«ГАЛО́ДНЫЯ ПАХО́ДЫ»,

адна з формаў барацьбы беспрацоўных у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Удзельнікі паходаў у сталічныя ці вялікія адм. гарады ставілі свае патрабаванні ўрадам і парламентам, галоўныя з якіх — дзярж. страхаванне па беспрацоўі і выдача дапамогі беспрацоўным. Самыя вялікія «галодныя паходы» былі ў ЗША (1931, 1932) і Вялікабрытаніі (1932, 1933 і інш.).

т. 4, с. 467

ГАЛО́ДНЫ СТЭП, Паўднёвы Галодны Стэп,

раўніна ў Сярэдняй Азіі, на левабярэжжы р. Сырдар’я, пераважна ва Узбекістане. На Пд абмежаваны перадгор’ямі і адгор’ямі Туркестанскага хр., на Пн і ПнЗ зліваецца з пяскамі Кызылкум. Размешчаны на тэрасах р. Сырдар’я, складзеных з лёсападобных суглінкаў і супескаў. Асваенне Галоднага Стэпу пачалося ў канцы 19 ст., асабліва інтэнсіўнае было ў 1950—60-я г. Большая ч. тэр. арашаецца (Паўночны канал імя С.​М.​Кірава, Цэнтральны, Паўднёва-Галоднастэпскі канал і інш.). Баваўнаводства.

Пасёлак у Галодным стэпе.

т. 4, с. 467