Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛО́ЎБЕК (Holoubek) Густаў

(н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),

польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 468

ГАЛО́ЎКІНА Соф’я Мікалаеўна

(н. 13.10.1915, Масква),

руская артыстка балета і педагог. Нар. арт. СССР (1973). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1933; з 1995 Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі), з 1960 яго дырэктар. У 1933—59 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Яе мастацтву ўласцівы героіка-аптымістычны, тэмпераментны стыль выканання. Партыі: Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Зарэма, Мірэйль дэ Пуацье («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева). Сярод вучаніц: Н.Бяссмертнава, К.Міхальчанка, Н.Грачова. Дзярж. прэмія СССР 1947.

т. 4, с. 468

ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,

асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.

т. 4, с. 469

ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ АН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя, навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.

Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.

Я.У.Чайкоўскі.

т. 4, с. 469

ГАЛО́ЎНАЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ

(Cordillera Principal; Cordillera de los Andes),

назва водападзельнага хрыбта Чылійска-Аргенцінскіх Андаў паміж 31° і 39° паўд. шыраты. Выш. на Пн да 6960 м (г. Аканкагуа), на Пд ад 35° паўд. ш. да 4000 м. Складзена з мезазойскіх асадкавых і вулканічных парод. Шмат дзеючых вулканаў. Частыя землетрасенні. Увільгатненне хрыбтоў у цэлым павялічваецца з Пн на Пд. На Пн схілы ўкрыты ксерафітнымі хмызнякамі, у цэнтр. частцы — цвердалістымі лясамі, на Пд — вільготнымі вечназялёнымі лясамі (гемігілеямі), якія пераходзяць на ўсх. схілы. Часам Галоўнай Кардыльерай Андаў называюць усю Заходнюю Кардыльеру Андаў, а таксама адрэзак паміж 20°30′ і 23° паўд. ш. (да вулкана Ліканкабур у Цэнтр. Андах).

т. 4, с. 469

ГАЛО́ЎНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм трансмісіі аўтамабіляў і інш. самаходных машын (трактароў, камбайнаў), які перадае вярчальны момант ад рухавіка на паўвосі і павялічвае цягавае намаганне на вядучых колах.

Уяўляе сабой зубчастую перадачу, адзінарную, у якой вярчэнне перадаецца з малога канічнага зубчастага кола на большае канічнае, або двайную — з малога канічнага зубчастага кола на большае канічнае і далей з малога цыліндрычнага на большае цыліндрычнае. Двухступеньчатая галоўная перадача складаецца з дзвюх перадач з рознымі перадатачнымі суадносінамі.

т. 4, с. 469

ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,

украінская нац.-культ. і паліт. арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв. т-ва, адкрыла Нар. дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр. культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр. газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.

Літ.:

Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.

т. 4, с. 469

ГАЛО́ЎНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

сінтаксічныя адзінкі ў форме слова ці спалучэння слоў, якія адыгрываюць асноўную ролю ў арганізацыі сказа. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік 2-састаўнага сказа і галоўны член 1-састаўнага сказа. Дзейнік і выказнік сінтаксічна раўнапраўныя, узаемазалежныя, прадвызначаюць адзін аднаго і ў сваім аб’яднанні ўтвараюць структурную аснову сказа.

Могуць быць фармальна прыпадобненыя (каардынаваныя): «У небе звінелі жаваранкі» і непрыпадобненыя (некаардынаваныя): «Падрыхтаваць цікавы даклад — справа нялёгкая»; заўсёды цесна звязаны па сэнсе: «Грош цана такой рабоце». Паміж дзейнікам і выказнікам заўсёды існуюць прэдыкатыўныя адносіны; дзейнік звычайна абазначае прадмет, выказнік — адзнаку прадмета, паказвае на час яе выяўлення, суадноснасць выказвання з рэчаіснасцю. Галоўны член састаўнага сказа суадносіцца па форме з дзейнікам або выказнікам 2-састаўнага сказа, але адрозніваецца па значэнні: ён адзін фарміруе прэдыкатыўнае ядро, складае структурную аснову сказа («Раніца. Цішыня»; «Са смагі поўны п’ю карэц халоднага бярозавага соку»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.І.Бурак.

т. 4, с. 470

ГАЛО́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ (ГАСА) у Варшаве. Засн. ў 1808 як Агульнакраёвы архіў, з 1816 Гал. архіў Польскага Каралеўства, з 1889 Варшаўскі гал. архіў стараж. актаў, з 1918 ГАСА. Зберагае найб. каштоўныя дакументы пра дзейнасць найвышэйшых улад Польскай дзяржавы ад 14 ст., самы стараж. дакумент датуецца 1155. Захоўвае дакументы органаў улады і ўстаноў зямель Кароны Польскай і ВКЛ у асноўным перыяду ўваходу ў Рэч Паспалітую. Сярод найб. каштоўных дакументаў, што датычаць Беларусі, асобныя кнігі метрыкі ВКЛ, сумарыуш і копія метрыкі сярэдзіны 18 ст., пергаментныя дакументы з Нясвіжскага архіва кн. Радзівілаў (каралеўскія і прыватныя, 16—18 ст.), радавыя архівы Патоцкіх з Радзыні (1500—1841), Браніцкіх (1526, 1661—1790), Панятоўскіх (1461—1797), Патоцкіх з Яблоны (1486—1926), Пшаздзецкіх (1539—1729), Радзівілаў з Паланечак (15—19 ст.), Фашчаў (1583—1865), Прозараў і Ельскіх (1624—1915) і інш., маянтковыя архівы. У аддзеле картаграфічных фондаў збор планаў і картаў тэр. Беларусі.

У.Стэмпняк.

т. 4, с. 469

ГАЛО́ЎНЫ КАМІТЭ́Т ПА СЯЛЯ́НСКАЙ СПРА́ВЕ,

урадавая ўстанова ў Расіі па разглядзе праектаў адмены прыгоннага права ў 1858—61. Пераўтвораны з Сакрэтнага к-та па сял. справе. Знаходзіўся ў распараджэнні імператара. Старшынёй быў кн. А.Ф.Арлоў, потым вял. кн. Канстанцін Мікалаевіч, членамі — міністры, чл. Дзярж. савета і інш.

т. 4, с. 469