Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕБЫ балотна-падзолістыя глебы,

перыядычна залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяным наземным покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых (атмасферных) вод ці блізкім заляганнем грунтавых вод. Паводле грануламетрычнага складу падзяляюцца на суглінкавыя, супясчаныя і пясчаныя, па ступені залішняга ўвільгатнення — на глеевыя, глеяватыя і слабаглеяватыя. Лішак вільгаці трымаецца 60—200 дзён у годзе, улетку магчымы яе недахоп. Такія глебы маюць часцей высокую кіслотнасць і бедныя элементамі жыўлення раслін, патрабуюць вапнавання. Колькасць гумусу павялічваецца ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення: пад прыроднай расліннасцю 10—25%, на ворнай зямлі 2—3,5%. Іх асваенне і акультурванне патрабуе асушальнай меліярацыі. унясення арган. і мінер. угнаенняў, паляпшэння водна-фіз. уласцівасцей.

Т.А.Раманава.

т. 6, с. 162

ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.

Т.А.Раманава.

т. 6, с. 163

ДЗЯРУ́ГА (Аляксандр Анісімавіч) (23.8.1901, Мінск — 9.5.1979),

бел. дзеяч самадз. мастацтва. Засл. дз. культ. Беларусі (1961). Скончыў бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1922). Арганізатар і кіраўнік (1948—79) Смаргонскага нар. цымбальнага аркестра, які пад яго кіраўніцтвам дасягнуў значнага выканальніцкага майстэрства. Аўтар шэрагу апрацовак для цымбальнага аркестра, у т. л. нар. песень бел. «Лянок» і польск. «Трамблянка», арыг. твораў. Зрабіў шмат запісаў бел. песеннага і інстр. фальклору («У Марцінавым саду», «Залескія прыпеўкі», «Смаргонская полька» і інш.).

Г.І.Цітовіч.

т. 6, с. 163

Дзяругіна Таццяна Фёдараўна

т. 18, кн. 1, с. 380

ДЗЯРЭ́ГА (Odontites),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, пазатрапічнай Азіі. Паўн. Афрыцы. На Беларусі 2 віш: усюды — Дз. звычайная, або позняя (O. vulgaris), рэдка — веснавая (O. verna). Растуць на лугах, папарах, як пустазелле, каля дарог.

Аднагадовыя паўпаразітныя травяністыя расліны з прамастойнымі простымі або разгалінаванымі сцёбламі, са слаба развітымі каранямі і гаўсторыямі на іх. Лісце супраціўнае, ланцэтнас або ланцэтна-яйцаладобнае, суцэльнае, па краі каротказубчастае, рэдка (верхняе) суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, двухполыя, двухгубыя, ружовыя або чырванаватыя, размешчаны ў пазухах прыкветных лістоў і сабраны ў верхавінкавыя гронка- або коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Лек. і меданосныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дзярэга звычайная.

т. 6, с. 163

ДЗЯРЭ́ЗКА, лікападыела (Lycopodiella),

род споравых раслін сям. дзеразовых. Каля 20 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца Дз. заліўная (L. inundata). Расце на сфагнавых балотах, вільготных грунтавых агаленнях у кар’ерах і каля дарог. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовазялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 1 м, якія месцамі перарываюцца. Ад сцёблаў адыходзяць вертыкальныя густааблісцелыя парасткі выш. да 10 см, на канцах якіх утвараюцца стробілы. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае. Спарафілы зялёныя, шылападобныя. каля асновы расшыраныя, на краі зубчастыя. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дзярэзка заліўная.

т. 6, с. 163

ДЗЯРЭ́ЧЫН,

вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).

У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс. чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.

Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 163

ДЗЯРЭ́ЧЫНА,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., на р. Морач, каля аўтадарогі Слуцк—Івацэвічы. Цэнтр Блеўчыцкага с/с. За 21 км на Пд ад Капыля, 136 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 170 ж., 87 двароў (1997). Клуб.

т. 6, с. 163

ДЗЯРЭ́ЧЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Кампазіцыя будынка складаецца з асн. квадратнага ў плане аб’ёму, прамавугольнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінца.

Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам з купалам на драўляным светлавым 8-гранным барабане ў цэнтры і 4 галоўкамі па вуглах. У інтэр’еры 4 слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купала на ветразях. Хоры над уваходам адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

А.Ю.Пятросава.

Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 6, с. 163

ДЗЯРЭ́ЧЫНСКІ ПАЛА́Ц.

Пабудаваны ў 1786 у в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі класіцызму (арх. Я.С.Бекер і Л.С.Гуцэвіч) як ваенная навуч. ўстанова («Акадэмія»). Фундатар — канцлер ВКЛ А.Сапега. У пач. 19 ст. яго сын Францішак перарабіў будынак у палац і абкружыў яго паркам. У пач. 20 ст. перароблены ў вайск. казармы (да 1906).

Палац — аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Цэнтр. ч. з мансардай на гал. фасадзе была вылучана 8-калонным дарычным порцікам. Сярод памяшканняў вызначаліся карцінная галерэя, археал. кабінет і б-ка. Палац размяшчаўся ў парку рэгулярна-тэраснага тыпу («Малы Версаль») з сістэмай ставоў. Палацава-паркавы комплекс знішчаны ў 1920—30-я г.

А.М.Кулагін.

Дзярэчынскі палац.

т. 6, с. 164