Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́ВАНЬ

(галанд. haven),

прыбярэжная частка воднай прасторы (акіяна, мора, возера), натуральна або штучна ахаваная ад ветру, хваль, цячэнняў. Звычайна размяшчаецца ў бухтах. Гаванню наз. таксама частку акваторыі порта, дзе праводзяцца грузапасажырскія аперацыі. У залежнасці ад спецыялізацыі бываюць пасажырскія, вугальныя, нафтавыя, кабатажныя, ваенныя, рыбацкія, рамонтныя, зімовачныя і інш.

т. 4, с. 415

ГАВА́Р,

газанафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з найбуйнейшых у свеце. За 20 км на З ад г. Эль-Хуфуф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1948, распрацоўваецца з 1951. Пач. запасы нафты 10 136 млн. т, газу 1013 млрд. м³. Паклады на глыб. 1,5—3 км. Шчыльн. нафты 850—865 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Нафтаправоды ў парты Рас-Танура і Янбу.

т. 4, с. 415

ГАВАРНІ́

(Gavarnie),

вадаспад на Пд Францыі, у Пірэнеях, у вярхоўях р. Гаўдэ-По (бас. р. Адур). Выш. 422 м (адзін з самых высокіх у свеце). Спадае 12 патокамі са схілаў найб. ў Еўропе ледавіковага цырка Гаварні. ГЭС. Турызм.

т. 4, с. 415

ГАВАРНІ́ (Gavarni) Поль [сапр. Шэвалье

(Chevalier) Іпаліт Гіём Сюльпіс; 13.1.1804, Парыж — 23.11.1866], французскі графік. Працаваў карыкатурыстам і ілюстратарам парыжскіх часопісаў. Жывыя, выразныя, часта поўныя гумару літаграфіі, малюнкі, акварэлі на тэмы з жыцця мяшчан, гар. беднаты, студэнтаў, маст. багемы: серыі «Жаночыя хітрыкі», «Студэнты і ларэткі», «Актрысы», «Акцёры», «Кулісы», «Фізіяноміі спевакоў» (усе 1837—47),

«Маскі і твары» (1852—53). У 1847—51 працаваў у Вялікабрытаніі, рабіў для лонданскіх выданняў малюнкі з гар. жыцця. Ілюстраваў творы А.Бальзака, В.Гюго, Э.Сю; намаляваў партрэты А.Мюсэ і А.Мюржэ; пісаў навелы і эсэ.

т. 4, с. 415

ГАВАРУ́ШКА

(Clitocybe),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп. — кастрычніку.

Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).

В.С.Гапіенка.

т. 4, с. 416

ГА́ВЕЛ (Havel) Вацлаў

(н. 5.10.1936, Прага),

чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел. пер. Л.Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).

Тв.:

Бел. пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм. тв. Мн., 1995;

Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);

Рус. пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;

Сила бессильных. Мн., 1991;

Заочный допрос. М., 1991.

Літ.:

Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.

І.В.Шаблоўская.

т. 4, с. 416

ГАВЕ́ЛАК (Gawełek) Францішак

(4.2.1884, в. Радлаў Тарнабжэскага ваяв., Польшча — 8.9.1919),

польскі этнограф. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). З 1911 сакратар Т-ва этнагр. музея, у 1913—19 выкладаў у гімназіі, з 1914 супрацоўнік Антрапал. камісіі АН (усё ў Кракаве). Аўтар «Бібліяграфіі польскай этнаграфіі» (Кракаў, 1914) і «Бібліяграфіі літоўскай этнаграфіі» (Вільня, 1914), якія ахопліваюць перыяд 19 — пач. 20 ст. і змяшчаюць значную колькасць выданняў па этнаграфіі Беларусі.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 416

ГАВЕ́РЛА,

найвышэйшая вяршыня Украінскіх Карпат і ўсёй Украіны, у горным масіве Чарнагора, на мяжы Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абласцей. Выш. 2061 м. Мае конусападобную форму. Складзена з пясчанікаў і кангламератаў. Букавыя лясы і субальпійскія лугі. Бываюць снегавыя лавіны, каменяпады. У складзе Карпацкага запаведніка. Турызм.

т. 4, с. 416

ГАВЕРНАДО́Р-ВАЛАДА́РЫС

(Governador Valadares, да 1939 наз. Фігуэйра),

горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1808. Каля 200 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рыу-Досі. Цэнтр горнапрамысл. раёна (здабыча берыліевых руд і слюды). Дрэваапр. і цукр. прам-сць.

т. 4, с. 416

ГА́ВЕРСАВА СІСТЭ́МА,

гл. Астэон.

т. 4, с. 416