Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́БЕ́С,

горад на ўсх. узбярэжжы Туніса. Адм. ц. вілаета Габес. 98,9 тыс. ж. (1994). Порт у зал. Габес. Чыг. станцыя. Харч. (вытв-сць аліўкавага алею), хім., нафтаперапрацоўчая прам-сць. Гандаль фінікамі, віном. Рыбалоўства.

т. 4, с. 411

ГАБІЁН

(франц. gabion ад італьян. gabbione вялікая клетка),

сетачная канструкцыя з дроту, запоўненая камянямі або галькай, для аховы рэчышча ракі ад размываў, узвядзення рэгуляцыйных і берагаўмацавальных збудаванняў. Звычайна мае форму паралелепіпеда, даўж. 3—5 м, шыр. 1—1,5 м, выш. 1 м.

т. 4, с. 411

ГАБІ́ЙСКІ АЛТА́Й,

горы на Пд Манголіі, паўд.-ўсх. працяг Мангольскага Алтая. Даўж. каля 500 км. Вял. колькасць ізаляваных хрыбтоў і масіваў выш. 1500—2500 м (найвыш. 3957 м, г. Іхбагда-Ула). Складзены з гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Катастрафічныя землетрасенні ў 1957 і 1958. Горны стэп, паўпустыні і пустыні. Рэзерват Елын-ам (хр. Гурван-Сайхан).

т. 4, с. 411

ГА́БІТУС,

хабітус (ад лац. habitus выгляд), вонкавы выгляд жывёльнага або расліннага арганізма, крышталя, мінералу. У чалавека і жывёл вызначаецца сукупнасцю вонкавых прыкмет, што характарызуюць целасклад, паставу, тэмперамент і канстытуцыю. У заатэхніі габітус с.-г. жывёл разглядаюць у сувязі з канстытуцыянальнымі асаблівасцямі і прадукцыйнасцю. У раслін габітус уваходзіць у характарыстыку жыццёвай формы (біяморфы). Габітус змяняецца на працягу антагенезу, залежыць ад узросту і ўмоў існавання; мае значэнне для прац па інтрадукцыі.

т. 4, с. 411

ГАБО́ВІЧ Міхаіл Маркавіч

(7.12.1905, в. Вялікія Гулякі Фастаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 12.7.1965),

расійскі артыст балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1951). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, выкладаў у ім (у 1954—58 маст. кіраўнік). У 1924—52 саліст Вял. т-ра. Сярод класічных партый: Салор («Баядэрка» Л.Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова). Першы выканаўца партый Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Прынца, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева) і інш. Сярод вучняў У.Васільеў. Аўтар балетных сцэнарыяў, артыкулаў і рэцэнзій. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

т. 4, с. 411

ГАБО́Й

(ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),

1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a​3 (b​3, h​3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж. нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст. Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.

т. 4, с. 411

ГАБО́Н

(Gabon),

Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВт гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.М.Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 4, с. 411

ГА́БРА

(італьян. gabbro),

магматычная інтрузіўная горная парода асноўнага саставу; глыбінны аналаг базальту. Складаецца з асн. плагіяклазу, манакліннага, радзей рамбічнага піраксену, алівіну або рагавой падманкі. Другарадныя мінералы: біятыт, нефелін, тытанамагнетыт і інш. Акцэсарныя мінералы: апатыт, пірацін, храміт, сфен і інш. Разнавіднасці: алівінавае габра, нарыт (габра з рамбічным піраксенам), лабрадарыт і г.д. Раўнамерназярністая горная парода са спецыфічнай габравай структурай. Шчыльн. 2800—3200 кг/м³; трываласць на сцісканне 80—360 МПа. З інтрузіямі габра звязаны радовішчы магнетыту, тытанамагнетыту, сульфідаў нікелю, медзі і інш. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і штучны камень, друз у буд-ве. На Беларусі габра вядомыя ў архейскім і ніжнепратэразойскім комплексах парод крышт. фундамента.

У.Я.Бардон.

т. 4, с. 412

ГА́БРАВА,

горад у Балгарыі, на р. Янтра, каля паўн. схілаў хр. Стара-Планіна. Каля 100 тыс. ж. (1992). Машынабудаванне (у т. л. вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці, электратэльфераў, радыёэлектроннае). Буйны цэнтр тэкст. (у т. л. трыкат.) і гарбарна-абутковай прам-сці; мэблевыя і харчасмакавыя прадпрыемствы. Дом-музей гумару і сатыры. Развіты нар. промыслы, этнаграфічны музей-вёска. Штогадовыя міжнар. фестывалі гумару. Турызм (перавал Шыпка).

т. 4, с. 413

ГАБРАНЕМО́ЗЫ

(Habronemoses),

гельмінтозная хвароба непарнакапытных. Пашырана ўсюды, асабліва ў паўд. шыротах. На Беларусі адзначаецца ў коней. Узбуджальнікі — дробныя (даўж. 10—25 мм) нематоды Habronema muscae і Habronema microstoma, якія развіваюцца з удзелам прамежкавых гаспадароў (муха пакаёвая, жыгалка асенняя і інш.).

Дарослыя чэрві паразітуюць у страўніку, пашкоджваюць яго слізістую абалонку і залозы; лічынкі — у скуры і лёгкіх. Шлях заражэння — аліментарны. У страўніку інвазійныя лічынкі праз 44—46 сутак ператвараюцца ў палаваспелых паразітаў. Пры інтэнсіўнай інвазіі назіраецца хранічнае запаленне страўніка і тонкага кішэчніка, прагрэсіруючае схудненне, перыяд. прыступы колік. Габранемоз скуры суправаджаецца ўтварэннем язваў.

т. 4, с. 413