Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,

1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.

1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.

2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.

Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.

2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.

3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.

т. 4, с. 407

ГААЛА́НЬ,

горад у Кітаі, гл. Ланьчжоў.

т. 4, с. 408

ГААЛЯ́Н

(Sorgum nervosum),

аднагадовая травяністая расліна роду сорга сям. злакавых. Вырошчваюць у Кітаі, Карэі, Японіі, на Д. Усходзе, Паўн. Каўказе, на Пд Украіны. Вызначаецца скараспеласцю і засухаўстойлівасцю. Зерне гааляна перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, выкарыстоўваюць на корм жывёле; салома ідзе на паліва, выраб цыновак, для крыцця стрэх.

т. 4, с. 408

ГААСЮ́Н,

горад на ПдЗ в-ва Тайвань. 1405,9 тыс. ж. (1993). Другі па значэнні порт вострава (пасля Цзюлуна). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабуд. (у т. л. суднабудаванне), металаапр., алюмініевая, хім. (вытв-сць суперфасфату), цэм., нафтаперапр., харчасмакавая (цукр., кансервавая, спіртагарэлачная).

т. 4, с. 408

ГААХІ́РА,

паўвостраў на Пн Паўд. Амерыкі, гл. Гуахіра.

т. 4, с. 408

ГААЦЫ́НЫ

(Opisthocomidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУ Паўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).

Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.

т. 4, с. 408

ГАБА́ (Gobat) Шарль Альберт

(21.5.1834, г. Трамлан, Швейцарыя — 16.3.1914),

швейцарскі паліт. дзеяч. Д-р права (1867). У 1889 уключыўся ў міжнар. рух за мір. З 1891 дырэктар Міжпарламенцкага бюро, якое каардынавала дзейнасць Міжпарламенцкага саюза ў розных краінах. З 1906 дырэктар Міжнар. бюро міру. Аўтар кн. «Еўрапейскі кашмар» (1911) аб небяспецы гонкі ўзбраенняў. Нобелеўская прэмія міру 1902 (разам з Э.Дзюкаменам).

т. 4, с. 408

ГА́БАР (Gábor) Андар

(24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел. нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).

т. 4, с. 408

ГА́БАР (Gabor) Дэніс

(5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

т. 4, с. 408

ГАБАРДЗІ́Н

(франц. gabardine),

аднатонная шарсцяная тканіна з дробнымі нахільнымі рубчыкамі на добрым баку. З габардзіну шыюць мужчынскія і жаночыя паліто, касцюмы і інш.

т. 4, с. 408