ГАВАРУ́ШКА

(Clitocybe),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп. — кастрычніку.

Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).

В.С.Гапіенка.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)