Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЕЎРЫНО́МА [ад неўра... + is (inos) валакно + ...ома],

дабраякасная пухліна чалавека і жывёл, якая зыходзіць з абалонкі нерв. ствалоў. Часцей узнікае ў слыхавым нерве, бывае таксама на скуры канечнасцей (зрэдку на тулаве, галаве). Магчыма яе злаякаснае перараджэнне. Пры Н. слыхавога нерва з’яўляюцца шумы ў вушах, слых зніжаецца (да поўнай глухаты), узнікае галавакружэнне, галаўны боль і інш. сімптомы, якія звязаны з павышэннем унутрычарапнога ціску. Лячэнне хірургічнае.

т. 11, с. 303

НЕЎРЫ́Т,

запаленне перыферычнага нерва з анатамічнымі зменамі ў нервовых валокнах і абалонках. Узнікае ў выніку бактэрыяльных і вірусных інфекцый, інтаксікацый, пераахаладжэння, сасудзістых і абменных парушэнняў, траўмаў, авітамінозаў і інш. Адрозніваюць Н. асобных нерваў — монанеўрыты (напр., сядалішчнага, тваравага) і полінеўрыты — некалькіх нерваў адразу. Прыкметы: рухальныя, адчувальныя і трафічныя парушэнні. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычыны хваробы, тэрапія і фізіятэрапія (лячэбная фізкультура, масаж).

т. 11, с. 303

НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,

бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць швагер караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл. Аляксандр Неўскі).

Літ.:

Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;

Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.

т. 11, с. 303

НЕ́ЎСКІ (Мікалай Арсенавіч) (22.2.1922, г. Гомель — 27.10.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. ваен. н. (1953), дацэнт (1955). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1941), Ваен. артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Камандзір артыл. дывізіёна маёр Н. вызначыўся ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 у баях на левым беразе Віслы каля г. Пулавы (Польшча). З 1972 выкладчык ваен. акадэміі, супрацоўнік НДІ.

М.А.Неўскі.

т. 11, с. 303

НЕЎШАТЭ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Нёшатэльскае возера (Lac de Neuchâtel). На З Швейцарыі, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Юра. Пл. 216 км², даўж. каля 40 км, глыб. 153 м. Злучана пратокай з Більскім воз., якое мае сцёк праз р. Аарэ ў р. Рэйн. Зах. бераг гарысты, стромкі, усх. — спадзісты. У суровыя зімы замярзае. Суднаходства. На беразе возера — г. Нёшатэль. Каля яго ўсх. краю рэзерват Кюдрэфен.

т. 11, с. 303

НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),

карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.

Нефы базілікальнага храма.

т. 11, с. 304

НЕФЕЛАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэння інтэнсіўнасці святла (бачнага ці ультрафіялетавага), рассеянага ў зададзеным асяроддзі, з мэтай вызначэння канцэнтрацыі, формы і памераў дысперсных часцінак.

У Н. вымяраюць інтэнсіўнасць рассеянага святла з дапамогай нефелометраў ці фотаэл. колераметраў з адпаведнымі прыстасаваннямі, адчувальны элемент (дэтэктар) якіх можна размясціць пад рознымі вугламі да напрамку зыходнага светлавога патоку. Метады вымярэння грунтуюцца на залежнасці характару рассеяння святла, а таксама ступені яго палярызацыі ад суадносін паміж памерамі дысперсных часцінак і даўжынёй хвалі зыходнага святла. Напр., калі найб. памер часціц не перавышае 0,1 даўжыні хвалі, рассеянне святла будзе сіметрычным (гл. Рэлееўскае рассеянне святла); часцінкі большых памераў рассейваюць святло мацней і нераўнамерна. Н. выкарыстоўваецца ў хім. аналізе, для даследавання эмульсій ці інш. калоідных сістэм, у метэаралогіі, фізіцы мора, пры вывучэнні некаторых біял. аб’ектаў.

Літ.:

Шифрин К.С. Рассеяние света в мутной среде. М.; Л., 1951.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

т. 11, с. 304

НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),

мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.

Нефелін.

т. 11, с. 304

НЕФЕЛІ́НАВЫ СІЕНІ́Т,

поўнакрышталічная магматычная шчолачная горная парода. Складаецца са шчолачнага палявога шпату (65—70%), нефеліну (каля 20%) і каляровых мінералаў (10—15%). Утварае інтрузіўныя масівы або ўваходзіць зонамі ў шчолачныя і шчолачна-ультрабазітавыя комплексы. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці. Масівы Н.с. на Украіне, у Расіі, Сярэдняй Азіі, Нарвегіі, Паўд. Грэнландыі, Канадзе, Паўд. Афрыцы і інш.

т. 11, с. 304

НЕФЕЛО́МЕТР (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метр),

аптычная прылада для вымярэння ступені мутнасці вадкасцей і газаў па інтэнсіўнасці рассеянага імі святла. Дзеянне Н. засн. на параўнанні светлавых патокаў, рассеяных выпрабаваным і эталоннымі ўзорамі. Бывае візуальны і фотаэлектрычны. Выкарыстоўваецца ў нефеламетрыі пры даследаванні дысперсных сістэм.

т. 11, с. 304