НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),

мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.

Нефелін.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)