Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЯЖА́, дзежка,

хлебніца, бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш. слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.

В.С.Цітоў.

Дзяжа.

т. 6, с. 136

ДЗЯЖНЁВА МЫС,

паўднёва-ўсходні край мацерыка Еўразія на Чукоцкім п-ве, у Берынгавым праліве (66°05′ паўн. ш., 169°40′ зах. д.). Ізаляваны плоскавяршынны горны масіў выш. да 741 м, які строма абрываецца да мора. Названы ў 1879 Н.А.Э.Нордэншэльдам у гонар рус. землепраходца С.І.Дзяжнёва, які ўпершыню абагнуў з Паповым (Ф.Аляксеевым) мыс у 1648. Маяк-помнік Дзяжнёву. На Дз.м. населены пункт Уэлен.

т. 6, с. 136

ДЗЯЖНЁЎ Сямён Іванавіч

(каля 1605—73),

рускі землепраходзец. На пач. 1640-х г. разам з М.Стадухіным і інш. ўдзельнічаў у паходах па Крайняй Поўначы Сібіры; спусціўся па р. Індыгірка да паўн. Ледавітага ак., потым па моры дасягнуў р. Калыма, адтуль у 1648 з Паповым (Ф.Аляксеевым) праплыў вакол Чукоцкага п-ва і адкрыў праліў паміж Азіяй і Амерыкай. Імем Дз. названы мыс і хрыбет на Чукотцы, бухта ў Берынгавым м.

т. 6, с. 136

ДЗЯК

(ад грэч. diakonos служыцель),

1) начальнік, пісьмавод канцылярыі розных устаноў у Расіі да 18 ст. Напачатку слуга князя, якому даручаліся казна і пісьмовыя справы, з 15 ст. — чын урадавай адміністрацыі, кіраўнік канцылярыі цэнтр. (т.зв. прыказа) і мясц. устаноў. Адрознівалі Дз. гасударавых (царовы, вял. князя, дварцовы), буйных феадалаў, вечавыя (пры гар. вечы), гарадскія, земскія і інш. З 16 ст. былі думныя Дз. (засядалі ў Баярскай думе). У ВКЛ функцыі Дз. выконвалі сакратар і пісар.

2) Святар у праваслаўнай царкве, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне св. пісання і спевы на клірасе.

т. 6, с. 136

ДЗЯ́КАВІЧЫ,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнУ ад Жыткавіч, 270 км ад Гомеля, 32 км ад чыг. ст. Старушкі. 721 ж., 278 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 137

ДЗЯ́КАНАЎ Міхаіл Аляксандравіч

(12.1.1856, г. Екацярынбург, Расія — 10.8.1919),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1878). З 1890 праф. гісторыі і права Дэрпцкага (Тартускага), з 1914 Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па гісторыі сялянства, дзяржавы і царквы ў Расіі, стараж.-рус. права, асн. з іх — «Улада маскоўскіх гасудароў» (1889), «Нарысы па гісторыі вясковага насельніцтва ў Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII ст.» (1898), «Нарысы грамадскага і дзяржаўнага ладу Старажытнай Русі» (1907).

т. 6, с. 137

ДЗЯ́КАНАЎ Станіслаў Дзмітрыевіч

(н. 27.3.1932, г. Бранск, Расія),

бел. мастак. Скончыў маст. студыю ў г. Курск (1957). Сярод твораў на гіст. тэму: «Напярэдадні» (1969), «Памяць» (1975), «Гаспадары шляхоў» (1977), «Світанку насустрач» і «Памяць бессмяротная» (абедзве 1982), «Герояў, палеглых і жывых, вянчае славаю народ» (1985) і інш. У шэрагу партрэтаў і пейзажаў адлюстраваў унутраны свет чалавека і прыгажосць бел. зямлі («Беларускі світанак», 1977, серыя «Ваколіцы маёй Навабеліцы», 1992—97). Піша нацюрморты.

т. 6, с. 137

ДЗЯ́КАЎ Іосіф Іванавіч

(4.4.1903, г. Гомель — 11.1.1984),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. школу імя Саўнаркома БССР (1922), Вышэйшую с.-г. школу (1939). Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну са студз. 1942 на Зах., Цэнтр., 3-м Бел. і 1-м Укр. франтах. Парторг батальёна ст. лейт. Дз. вызначыўся ў 1944: у чэрв. ў час бою ў Дубровенскім р-не падняў воінаў у атаку; у ліп. ў баі за г. Гродна замяніў параненага камандзіра роты і павёў байцоў на прарыў абароны праціўніка, адзін з першых уварваўся ў горад. Да 1970 на парт. і сав. рабоце на Гомельшчыне.

І.І.Дзякаў.

т. 6, с. 137

ДЗЯ́КАЎ Уладзімір Анатолевіч

(14.6.1919, с. Бакалы, Башкортастан — 16.11.1995),

рускі гісторык. Д-р гіст. н. (1966), праф. (1986). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1957 у Цэнтр. дзярж. ваенна-гіст. архіве і ў Галоўархіве СССР, з 1960 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН. Даследаваў пытанні рэв. і нац.-вызв. руху Расіі і Польшчы 19 — пач. 20 ст., руска-польскія рэв. і культ. сувязі таго часу, гісторыю славяназнаўства, балканістыкі і інш. Адзін з рэдактараў і складальнікаў сав.-польскай серыі «Паўстанне 1863 года. Матэрыялы і дакументы» (т. 1—25. М.; Варшава, 1961—87), 2 тамы якога прысвечаны Беларусі: «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964) і «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965). Паўстанню 1863—64 у Беларусі і Літве прысвечаны таксама працы «Сігізмунд Серакоўскі» (1959) і «Валерый Урублеўскі» (1968; разам з У.Абрамавічусам).

В.Ф.Шалькевіч.

т. 6, с. 137

ДЗЯ́КЛА, дзякло,

прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.

В.І.Мялешка.

т. 6, с. 137