Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛАНГІ́Т (ад грэч. cholē жоўць + angeion сасуд),

запаленне жоўцевых праток. Бывае востры і хранічны. Адрозніваюць Х. катаральны, дыфтэрыйны, гнойны (найб. цяжкі). Асн. прыкметы: боль у вобласці печані, павелічэнне яе памераў, ліхаманка, жаўтуха. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 528

ХА́ЛАНЕН (Halonen) Тар’я (н. ў 1944),

палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Канд. юрыд. н. (1968). Скончыла Хельсінскі ун-т (1968). Працавала адвакатам у Цэнтр. арг-цыі прафсаюзаў Фінляндыі, парламенцкім сакратаром прэм’ер-міністра, членам гар. савета г. Хельсінкі, міністрам па сац. пытаннях, міністрам юстыцыі; адначасова з 1979 дэп. парламента. З 1995 міністр замежных спраў. З лют. 2000 прэзідэнт Фінляндыі (першая ў гісторыі краіны жанчына на гэтых пасадах). Праводзіць курс на працяг добрасуседскіх адносін з Рас. Федэрацыяй і далейшую інтэграцыю Фінляндыі ў еўрап. структуры.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 528

ХАЛАСЕ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Халасцінскае возера. У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 28 км на ПдУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 13,5 км². Схілы катлавіны амаль не выражаны, месцамі выш. да 2 м. Берагі нізкія, на У забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякае ручай у р. Галбіца.

т. 16, с. 528

ХАЛАСТЫ́ РАДО́К,

незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы; няцотны радок напаўбелага верша, напісанага 4-радкоўямі. Х.р. можа ўжывацца і ў інш. строфах, напр.:

Ці на небе не мільён зорак льсніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі ж месца там не стала
Для адной, што мне б міргала...
Мусіць трэба было!
(Я.​Купала. «Мусіць трэба было»)

Рэгулярныя Х.р. — уласцівасць некат. усх. відаў строф: газелі, рубаі і інш. Асаблівы эфект узнікае пры непрадбачаным з’яўленні Х.р. на фоне зарыфмаваных — парушаецца інерцыя рыфмаванага чакання, таму на Х.р. і найперш на яго апошняе слова звяртаецца найб. ўвага.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 528

ХАЛАСЦЯКО́Ў Георгій Мікітавіч (20.7.1902, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 22.7.1983),

віцэ-адмірал (1945), Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Ваенна-марское гідраграфічнае вучылішча (1925), спецкурсы камсаставу (1928), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1919, у ВМФ з 1921. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1933 камандзір першай падводнай лодкі «Ласось» (пазней вядомая як «Шчупак»), марской брыгады. У 1938 беспадстаўна рэпрэсіраваны, у 1940 рэабілітаваны, камандзір брыгады падводных лодак. З 1941 нач. штаба, камандзір Новарасійскай ваенна-марской базы, камандуючы Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, удзельнік абароны Крыма, Каўказа. вызвалення Балгарыі, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Вызначыўся ў Новарасійскай наступальнай аперацыі 1943. Пасля вайны да 1969 на камандных пасадах у ВМФ, апараце Мін-ва абароны СССР. Аўтар кн. «Вечны агонь» (1980). Ганаровы грамадзянін гарадоў Баранавічы, Геленджык (Расія), Браціслава (Славакія).

Б.​Дз.​Далгатовіч.

Г.М.Халасцякоў.

т. 16, с. 528

ХАЛА́ТНАСЦЬ службовая,

невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў; адно са злачынстваў супраць інтарэсаў службы. Адбываецца ў выніку нядобрасумленных ці неахайных адносін да службы, што па неасцярожнасці прычыняе шкоду ў асабліва буйным памеры або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзярж. ці грамадскім інтарэсам. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь Х. караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, займацца пэўнай дзейнасцю, абмежаваннем свабоды ці пазбаўленнем волі да 2 гадоў, а ў выпадку смерці чалавека або інш. цяжкіх вынікаў — да 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 528

ХАЛВА́ (араб.),

цукрысты кандытарскі выраб слаіста-валакністай будовы; від усх. прысмакаў. Вырабляюць вымешваннем гарачай карамелістай масы, узбітай з пенаўтваральнікам (адвар мыльнага кораня ці салодкі), з масай абсмажаных і расцёртых ядзер алейных зерняў ці арэхаў. У залежнасці ад выкарыстаных алейных зерняў бывае кунжутная, арахісавая, арэхавая, сланечнікавая і інш. Выпускаюць Х. з дабаўкамі ваніліну, какосавай стружкі, какава-парашку, разынак, глазураваную шакаладам. Мае вял. колькасць тлушчу (25—30%), цукру (25—45%), бялку (8—10%) і нізкую вільготнасць. Энергет. каштоўнасць 100 г Х. — 545 ккал.

т. 16, с. 528

ХАЛДЗЕ́І,

семіцкія плямёны, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. рассяліліся на ўскраінах Вавілоніі (на паўн.-зах. беразе Персідскага заліва). Мяркуюць, што Х. арамейскага паходжання. Моўная прыналежнасць спрэчная, паколькі знаць Х. хутка вавіланізавалася. У саюзе з Эламам Х. з 9 ст. да н.э. вялі барацьбу з Асірыяй за валоданне Вавілонам, у выніку якой халдзейскія князі шмат разоў займалі вавілонскі прастол, але выганяліся потым асірыйцамі. У 626—538 да н.э. ў Вавілоне правіла халдзейская дынастыя (Набапаласар, Навухаданосар II і інш.), якая стварыла магутнае Новававілонскае царства. Пазней Х. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам. У Стараж. Грэцыі і Рыме Х. называлі жрацоў і варажбітоў вавілонскага паходжання.

т. 16, с. 528

ХАЛДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Халдзея,

пашыраная назва Вавілоніі ў часы праўлення халдзейскай (новававілонскай) дынастыі (626—538 да н.э.].

т. 16, с. 528

ХА́ЛЕБ, Алепа (ант. Бероя),

горад на ПнЗ Сірыі. Адм. ц. мухафазы Халеб. Вядомы з 20 ст. да н.э. 1,6 млн. ж. (1994). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (жывёлагадоўля, збожжавыя, бавоўнік, аліўкі, вінаград). Прам-сць: тэкст., гарбарна-абутковая, цэментавая, харч., трактаразборачны з-д. Ун-т. Нац. музей. Арх. помнікі пераважна 12—16 ст. (цытадэль, фрагменты гар. сцен і брам, мячэці, рынкі-ханы, медрэсэ і інш.). Стараж. ч. Х. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 16, с. 528