ХАЛАСЦЯКО́Ў Георгій Мікітавіч (20.7.1902, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 22.7.1983),

віцэ-адмірал (1945), Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Ваенна-марское гідраграфічнае вучылішча (1925), спецкурсы камсаставу (1928), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1919, у ВМФ з 1921. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1933 камандзір першай падводнай лодкі «Ласось» (пазней вядомая як «Шчупак»), марской брыгады. У 1938 беспадстаўна рэпрэсіраваны, у 1940 рэабілітаваны, камандзір брыгады падводных лодак. З 1941 нач. штаба, камандзір Новарасійскай ваенна-марской базы, камандуючы Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, удзельнік абароны Крыма, Каўказа. вызвалення Балгарыі, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Вызначыўся ў Новарасійскай наступальнай аперацыі 1943. Пасля вайны да 1969 на камандных пасадах у ВМФ, апараце Мін-ва абароны СССР. Аўтар кн. «Вечны агонь» (1980). Ганаровы грамадзянін гарадоў Баранавічы, Геленджык (Расія), Браціслава (Славакія).

Б.​Дз.​Далгатовіч.

Г.М.Халасцякоў.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)