ХАЛВА́ (араб.),
цукрысты кандытарскі выраб слаіста-валакністай будовы; від усх. прысмакаў. Вырабляюць вымешваннем гарачай карамелістай масы, узбітай з пенаўтваральнікам (адвар мыльнага кораня ці салодкі), з масай абсмажаных і расцёртых ядзер алейных зерняў ці арэхаў. У залежнасці ад выкарыстаных алейных зерняў бывае кунжутная, арахісавая, арэхавая, сланечнікавая і інш. Выпускаюць Х. з дабаўкамі ваніліну, какосавай стружкі, какава-парашку, разынак, глазураваную шакаладам. Мае вял. колькасць тлушчу (25—30%), цукру (25—45%), бялку (8—10%) і нізкую вільготнасць. Энергет. каштоўнасць 100 г Х. — 545 ккал.
т. 16, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)