ХАЛДЗЕ́І,
семіцкія плямёны, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. рассяліліся на ўскраінах Вавілоніі (на паўн.-зах. беразе Персідскага заліва). Мяркуюць, што Х. арамейскага паходжання. Моўная прыналежнасць спрэчная, паколькі знаць Х. хутка вавіланізавалася. У саюзе з Эламам Х. з 9 ст. да н.э. вялі барацьбу з Асірыяй за валоданне Вавілонам, у выніку якой халдзейскія князі шмат разоў займалі вавілонскі прастол, але выганяліся потым асірыйцамі. У 626—538 да н.э. ў Вавілоне правіла халдзейская дынастыя (Набапаласар, Навухаданосар II і інш.), якая стварыла магутнае Новававілонскае царства. Пазней Х. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам. У Стараж. Грэцыі і Рыме Х. называлі жрацоў і варажбітоў вавілонскага паходжання.
т. 16, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)