Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІВАНЕ́ЗЫ,

білонныя і сярэбраныя манеты, чаканеныя ў талернай сістэме ў 1756—57 для Ліфляндскай і Рэвельскай губ. Расійскай імперыі. Выпускаў Красны манетны двор з лацінскімі легендамі і наміналамі: 2 капейкі — ​1/48 Л., 4 капейкі — ​1/24 Л., 24 капейкі — чвэрць Л., 48 капеек — паўліванез, 96 капеек — Л. З выпуску 1756 вядома толькі пробная манета, у 1757 выпушчана двухкапеечнікаў 49 500, чатырохкапеечнікаў 581 858, чвэрць ліванезаў 125 680, паўліванезаў 42 450, Л. 27 000 экз.

В.С.Касмылёу.

т. 9, с. 240

ЛІВА́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1944,

міжгрэчаскае паліт. пагадненне, падпісанае 20 мая ў Ліване ў 2-ю сусв. вайну прадстаўнікамі эмігранцкага ўрада, паліт. партый, Паліт. к-та нац. вызвалення, Нац.-вызв. фронту, Грэч. нар.-вызв. арміі, ваен.-паліт. нацыяналіст. арг-цый. Прадугледжвала роспуск усіх ўзбр. атрадаў і стварэнне адзінай арміі, правядзенне плебісцыту аб будучым дзярж. ладзе краіны, фарміраванне ўрада нац. адзінства. Л.п. не ліквідавала прынцыповых рознагалоссяў паміж левымі і правымі паліт. сіламі, што пасля вызвалення Грэцыі (кастр. 1944) прывяло да вострай барацьбы за ўладу і грамадз. вайны 1946—49.

т. 9, с. 240

ЛІВА́НЦЫ, ліванскія арабы,

народ, асноўнае насельніцтва Лівана (2,25 млн. чал.). Агульная колькасць 2,36 млн. чал. (1992). Гавораць на сіраліванскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — хрысціяне (мараніты, грэка-праваслаўныя і інш.) і мусульмане (суніты, шыіты).

т. 9, с. 240

ЛІ́ВЕНЦАВА (Надзея Віктараўна) (н. 21.10.1952, Мінск),

бел. жывапісец. Дачка В.Х.Лівенцава. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). У 1978—80 выкладала ў гэтым ін-це. Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны і кампазіцыі. Творам уласціва пастознасць мазка, перавага чыстых колераў у гарманічна-кантрастных спалучэннях. Сярод работ «Волечка» (1976), «Бацьку і маці — партызанам Беларусі — прысвячаецца» (1977), «У краіне сініх птушак» (1987), «Бег», «Сон у месячную ноч» (абедзве 1988), «Людміла» (1993), «На вяршыні» (1995), «Аляксандра», «Анёлы», «Саната» (усе 1996), «Прадчуванне», «Водаварот» (абедзве 1997), «Лета ўцякае» (1998), «Аўтапартрэт з сініцай у руках» (1999).

т. 9, с. 240

ЛІ́ВЕНЦАЎ (Віктар Ільіч) (н. 21.4.1918, г.п. Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1952), Мінскі пед. ін-т (1955). У жн.ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).

Літ.:

Люди легенд. М., 1968. Вып. 3. С. 211—234.

В.І.Лівенцаў.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВЕНЬ,

моцны, звычайна кароткачасовы дождж канвектыўнага паходжання, або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага фронту ў цыклонах умераных шырот. Інтэнсіўнасць Л. — колькасць ападкаў за 1 мін. Пры працягласці 5 мін Л. лічаць дождж з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/мін і г.д. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 Л. Найбольшы адзначаны 6.8.1970 (г. Бабруйск), дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВЕРПУЛ (Liverpool),

горад на 3 Вялікабрытаніі, пры ўпадзенні р. Мерсі ў Ірландскае мора. Адм. ц. метрапалітэнскага графства Ліверпул і гал. горад канурбацыі Мерсісайд. 475 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з буйнейшых партоў краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем порта і знешнегандл. аперацыямі. У Л. і яго прыгарадах — суднабудаванне і суднарамонт, аўта- і авіябудаванне, эл.-тэхн., гумавая, хім., папяровая, харч. прам-сць. Фондавая і таварная біржы. Ун-т. Музеі. Маст. галерэя Уокера. Арх. помнікі 18—20 ст. (шпіталь, ратуша, дзелавыя і гандл. будынкі).

Упершыню згадваецца ў 1191. У 1207 атрымаў гар. правы. Да 17 ст. невял. порт. Росту горада і порта з 17 ст. паспрыялі гандаль рабамі, якіх вывозілі ў ісп. калоніі ў Амерыцы, а пасля 1840 — масавая эміграцыя ірландцаў у ЗША. У 19 ст. Л.гал. англ. порт па ўвозе бавоўны і вывазе баваўняных вырабаў. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны ў выніку ням. бамбардзіровак. У 1956 у Л. створаны муз. квартэт «Бітлз».

Адна з вуліц горада Ліверпул.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),

старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучасиікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».

Тв.:

Рус. пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.

т. 9, с. 241

ЛІВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У Афрыцы, на 3 ад р. Ніл, у межах Лівіі, Егіпта і Судана; паўн.-ўсх. ч. Сахары. Пл. каля 2 млн. км2. Паўн. ч. нізінная, укрыта пяскамі, які ўтвараюць дзюны выш. да 300 м; на ПнУ — глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Катара, 133 м ніжэй узр. м., Сіва, Бахарыя, Фаюм і інш.). Паўд. ч. — камяністае або пясчанікавае плато выш. 400—500 м з асобнымі астанцовымі масівамі выш. да 1934 м (г. Эль-Увейнат). Клімат трапічны, пустынны, на Пн — субтрапічны міжземнаморскі, паўпустынны. Ападкаў месцамі менш за 25 мм за год (выпадаюць не штогод), на Пн — 50—100 мм. Расліннасць вельмі бедная — пустынная акацыя, тамарыск, палыны. Каля калодзежаў і выхадаў грунтавых вод рэдкія аазісы: Сіва, Фаюм, Джалу, Дахла, Куфра, Фарафра. Аазісы Фаюм і Харга звязаны чыгункай з далінай Ніла.

т. 9, с. 241

ЛІВІ́ЙЦЫ,

лівійскія арабы, народ, асноўнае насельніцтва Лівіі (4,16 млн. чал.). Агульная колькасць 4,18 млн. чал. (1992). Гавораць на лівійскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 9, с. 241