Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,

будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл. Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.

т. 1, с. 153

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл. Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелеры даўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.

Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.

т. 1, с. 153

А́ЗБУКА

(ад назвы першых дзвюх літар стараслав. алфавіта «аз» і «буки»),

1) тое, што алфавіт.

2) Тое, што буквар.

т. 1, с. 153

А́ЗБУКІН Мікалай Васілевіч

(1894, Бабруйск — 24.11.1943 ?),

бел. географ, краязнавец. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. З 1917 выкладаў у Бабруйскай гімназіі, у 1921—30 на кафедры геаграфіі Інбелкульта і АН Беларусі. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху на Беларусі, чл. Цэнтр. бюро краязнаўства пры АН Беларусі. Асн. працы па геаграфіі Беларусі і інш. краін: «Геаграфія Еўропы» (1924), «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў» (у сааўт.), «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» і інш. У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 1, с. 153

АЗБУКО́ЎНІКІ,

ананімныя рукапісныя зборнікі артыкулаў навучальнага і пазнавальна-энцыклапедычнага характару, пашыраныя на землях усх. славян у 13—18 ст. Захавалася больш за 200 азбукоўнікаў. Першыя азбукоўнікі (напр., азбукоўнікі ў Ноўгарадскай кормчай 1282) толькі тлумачылі незразумелыя іншамоўныя словы, што сустракаліся ў перакладных кнігах рэліг. зместу. Пазней тлумачэнні дапаўняліся звесткамі энцыклапедычнага характару па гісторыі, геаграфіі і інш. У 17—18 ст. азбукоўнікі пашырылі навуч. функцыю: іх часткамі сталі азбука (са складамі і пропісямі) і кароткія звесткі грамат., арыфм., рэліг.-павучальнага характару. Выконвалі і збіральніцкую функцыю (назапашванне рэдкіх слоў).

Словы ў азбукоўніках звычайна размяшчаліся па алфавіце, перакладаліся і тлумачыліся, таму азбукоўнікі сталі крыніцай для першых друкаваных слоўнікаў усх. славян. Прыкладам бел. азбукоўнікаў з’яўляецца «Тлумачэнне імёнам па алфавіце» (17 ст.).

Літ.:

Пруссак А.В. Описание азбуковников, хранящихся в рукописном отделении императорской Публичной библиотеки. Спб., 1915;

Алексеев М.П. Словари иностранных языков в русском азбуковнике XVII в. М., 1968;

Ковтун Л.С. Азбуковники, или Алфавиты иностранных речей конца XVI—XVII вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5.

В.К.Шчэрбін.

Да арт. Азбукоўнікі. «Книга глаголемая алфавит» (узор азбукоўніка-слоўніка, рукапіс 17 ст.).

т. 1, с. 153

АЗГІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля вытокаў р. Була. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Леніна. За 12 км на Пд З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 15 км ад чыг. ст. Слонім, на шашы Слонім—Ружаны. 84 ж., 42 двары (1994). Каля вёскі селішча 1-га тыс. н.э.

т. 1, с. 154

АЗГУ́Р Заір Ісакавіч

(15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл. АМ СССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял. Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.І.Грыцаўцу, Я.Купалу і Ф.Э.Дзяржынскаму ў Мінску, В.І.Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.М.Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Э.А.Петэрсон.

З.І.Азгур.
З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.

т. 1, с. 154

АЗДА́МІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Рамельскім с/с Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса «Колас». За 70 км на ПнУ ад Століна, 315 км ад Брэста, 77 км ад чыг. ст. Гарынь. 1241 ж., 431 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

т. 1, с. 154

АЗДЗЕ́ЛІНА,

вёска ў Беларусі, у Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 40 км на ПнЗ ад Гомеля, 10 км ад чыг. ст. Лазурная. 519 ж., 196 двароў (1994). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 1, с. 154

АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, курганныя могільнікі 8—9 ст. (з трупаспаленнямі) і 11—12 ст. дрыгавічоў (з трупапалажэннямі) каля в. Аздзяцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Выяўлены рэшткі 2 заглыбленых у зямлю жытлаў, ляпны посуд, прасліцы, жал. наканечнікі коп’яў і інш. У курганах 8—9 ст. знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі; у пахаваннях дрыгавічоў — бронзавыя і шкляныя пацеркі, скроневыя падвескі, жалезны нож і інш.

т. 1, с. 154