Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЗЕРБАЙДЖА́Н ІРА́НСКІ,

гл. Іранскі Азербайджан.

т. 1, с. 161

АЗЕ́РЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 6 км на ПнУ ад Талачына, 115 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Талачын, на шашы Мінск—Масква. 742 ж., 290 двароў (1994). Кансервавы з-д. Базавая школа. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 162

АЗЕ́РШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і Рэчыцкага саўгаса-тэхнікума. За 10 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 4858 ж., 1800 двароў (1994). Суднабуд.-суднарамонтны з-д, ПМК. Сярэдняя школа, ПТВ, 3 б-кі, 3 клубы, амбулаторыя, 2 аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. За 0,3 км на 3 ад вёскі паселішча каменнага веку.

т. 1, с. 162

АЗЕ́Ф Еўна Фішалевіч

(1869, г. Гродна—1918),

адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.

т. 1, с. 162

АЗЁМША Іван Паўлавіч

(1851, в. Лучыцы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 1916),

бел. нар. казачнік. У рэпертуары Азёмшы паданні, легенды, казкі, апавяданні на фантаст. і касмаганічныя сюжэты. Яго цікавілі пытанні пра стварэнне свету і чалавека, пра душу, замагільнае жыццё і г.д. Яркай гутарковай мовай расказваў сатыр. бытавыя казкі, у якіх маляваў каларытныя вобразы зайздроснага папа, прагнага багацея і спрытнага мужыка («Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп», «Завісны багатыр», «Вада памагла», «Хаўрус» і інш.). З 80 твораў у кн. А.К.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911) 32 запісаны ад Азёмшы.

т. 1, с. 162

АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,

галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.

Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.А.Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.М.Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.С.Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.І.Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.М.Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).

Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.П.Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.П.Якушка.

т. 1, с. 162

АЗЁРНАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне зямной паверхні, запоўненае вадой (возера, сажалка, вадасховішча), замкнёнае або адкрытае (калі праз яго цячэ рака). У азёрнай катлавіне вылучаюць надводную (схілы і берагі) і падводную часткі. Частка катлавіны, запоўненая вадой, наз. азёрнай чашай.

Узнікаюць азёрныя катлавіны ад уздзеяння ўнутр. і знешніх працэсаў, а таксама антрапагеннай дзейнасці. Падзяляюцца на тэктанічныя, ледавіковыя, тэрмакарставыя, карставыя, суфазійныя, ліманныя, завальныя (плацінныя), старычныя (лоймавыя) і інш.

т. 1, с. 162

АЗЁРНАЯ ПЯЧО́РА,

гіпсавая пячора на З Падольскага ўзвышша, на Украіне. Даўж. каля 80 км. Уяўляе сабой двухпавярховы лабірынт. Ёсць пастаянныя праточныя азёры з мінералізаванай вадой. Характэрны сталактыты і сталагміты, трапляюцца ааліты. Аб’ект турызму.

т. 1, с. 163

АЗЁРНАЯ РУДА́,

карысныя выкапні ў расолах і донных адкладах азёраў і балот. Можа быць вадкая і цвёрдая. Вадкая — растворы калій-натрыевых соляў бяссцёкавых азёраў сухіх і гарачых абласцей, воды азёраў з павышанай канцэнтрацыяй літыю. Цвёрдая азёрная руда — донныя асадкі гідравокіслаў жалеза, якія залягаюць у выглядзе пластоў, праслоек, жаўлакоў, лінзаў, магутнасцю ад некалькіх сантыметраў да 2—3 м. Прамысл. значэння не мае.

т. 1, с. 163

АЗЁРНАЯ ЧА́ША, азёрнае ложа,

частка азёрнай катлавіны, запоўненая вадой да вышыні макс. падымання ўзроўню. У азёрнай чашы вылучаюць мелкаводную частку — літараль і сублітараль да глыбіні, дзе назіраецца ўплыў хваляў на дно. Глыбакаводная зона — прафундаль — укрыта глеямі і сапрапелямі. Форма і памеры азёрнай чашы на працягу геал. перыяду мяняюцца ў выніку намнажэння азёрных адкладаў.

т. 1, с. 163