ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.
т. 5, с. 568
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. Створаны ў час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Мінскай губ. Рас. імперыі. Павятовы цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Скасаваны 23.12.1796.
т. 5, с. 568
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ РАЁН,
адм.-тэр адзінка ў БССР у 1940—61. Утвораны ў 1940 у складзе Пінскай вобл. Цэнтр — г. Давыд-Гарадок. Падзяляўся на 11 сельсаветаў. З 1954 у складзе Брэсцкай вобл. У 1961 раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Столінскі р-н.
т. 5, с. 568
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1976 як цэх № 11 Брэсцкага электрамех. з-да. У 1980 перайменаваны ў філіял Брэсцкага электрамех. з-да «Давыд-Гарадок». На яго базе ў 1986 створана прадпрыемства з сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (1977): камплектавальныя вырабы для газавых пліт, радыёпрыёмнікі УКХ, паяльнікі электрычныя, электрагрэлкі і інш. Прадукцыя рэалізуецца ў Беларусі, Украіне, Расіі.
т. 5, с. 568
ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ
(7—1326),
ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн. Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 565
ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ
(да 1061 — 25.5.1112),
князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.М.Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял. кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 565
ДАВЫ́Д РАСЦІСЛА́ВІЧ
(1140 — 23.4.1197),
князь наўгародскі, таржоцкі, віцебскі, вышгарадскі, смаленскі. Сын кіеўскага кн. Расціслава Мсціславіча. Княжыў у Ноўгарадзе ў 1154—55, Таржку ў 1158—60, Віцебску ў 1165—67. У 1167 вытрымаў аблогу менскага кн. Валадара Глебавіча і захапіў у палон шмат яго дружыннікаў. У 1168 княжыў у Вышгарадзе, у 1180—97 — у Смаленску, ваяваў з Полацкам. У 1180 дапамагаў кн. Глебу Рагвалодавічу абараняць Друцк. У 1195 ва ўладаннях Давыда Расціславіча адбылася бітва кааліцыі чарнігаўскіх князёў і палачан з кааліцыяй смаленскіх князёў.
Л.У.Калядзінскі.
т. 5, с. 565
ДАВЫ́Д СВЯТАСЛА́ВІЧ,
князь Полацкай зямлі ў 12 ст. Сын кн. Святаслава Усяславіча. Названы ў «Жыціі Ефрасінні» (да 1187), дзе расказана пра паломніцтва Ефрасінні Полацкай у Палесціну з братам Давыдам. У Полацкай зямлі Давыд Святаславіч валодаў адным з удзелаў, магчыма, Віцебскім.
т. 5, с. 565
ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ
(? — пасля 1129),
князь полацкі. Сын кн. Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.
т. 5, с. 565