ВЕЛІЖЖЭ́, Веліж’я,
возера ў Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Прыпяць, за 11 км на У ад г. Петрыкаў. Пл. 0,23 км², даўж. 1,65 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, пад хмызняком. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з р. Скалодзіна.
т. 4, с. 66
ВЕ́ЛІЖСКАЕ ПАЎСТАННЕ 1918,
антысавецкае сялянскае паўстанне ва ўмовах грамадзянскай вайны. Адбылося ў ліст. 1918 у Веліжскім пав. Віцебскай губ. (цяпер пераважна ў Смаленскай вобл., Расія). Узначальвалі Веліжскае паўстанне выхадцы з мясц. святароў (афіцэры А. і К.Жыгалавы) і мясц. сялян (браты Бараняты, І. і П.Нілёнкі і інш.). Выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне Устаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак Ільінскай вол. Пачалося 11 ліст. ў Баранаўскай і Усмынскай валасцях. 15 ліст. паўстанцы захапілі Веліж. Паводле звестак гісторыка А.Г.Хахлова, колькасць узбр. сялян складала 1 тыс. чал. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 ліст., але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925.
Літ.:
Воспоминания участников борьбы за власть Советов в Смоленской губернии. Смоленск, 1957;
Почанин С.З. Историей обреченные. Мн., 1977;
Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918—1925 гг. Мн., 1981.
Н.І.Стужынская.
т. 4, с. 67
ВЕ́ЛІЖСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,
тэктанічная структура, якая падзяляе Аршанскую ўпадзіну і Таропецка-Вяземскі прагін Маскоўскай сінеклізы. Сучляняе Ярцаўскі пахаваны выступ Варонежскай антэклізы і Вілейскі пахаваны выступ Бел. антэклізы. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 40 км, шыр. 35 км.
Пачала фарміравацца ў познім пратэразоі (рыфей), у адкладах фанеразою не адасабляецца. Крышт. фундамент залягае на адзнаках ад -1 км да -1,4 км, прыўзняты над адмоўнымі суседнімі структурамі на 0,2—0,8 км. Платформавы чахол утвараюць адклады рыфею, венду, дэвону і антрапагену.
т. 4, с. 67
ВЕ́ЛІЖСКАЯ СПРА́ВА,
судовы працэс у 1821—35 па лжывым абвінавачанні групы яўрэяў г. Веліж Віцебскай губ. (цяпер у Смаленскай вобл.) у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. З-за недахопу доказаў справа ў Віцебскім губернскім судзе ў 1824 была закрыта, але ў 1825 па настаянні ўлад адноўлена. На падставе лжэсведчанняў былі арыштаваны 42 чал. У 1835 паводле пастановы Дзярж. савета справа спынена, абвінавачаныя апраўданы, ілжэсведкі сасланы ў Сібір. Гал. ролю ў выкрыцці нагавору адыграў М.С.Мардвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў Дзярж. савета. Веліжская справа прыцягнула да сябе шырокую грамадскую ўвагу. Пад уражаннем Веліжскай справы напісана п’еса М.Ю.Лермантава «Іспанцы».
Літ.:
Гессен Ю.И. Велижская драма. СПб., 1904;
Гроссман Л. «Испанцы» и велижское дело // Литературное наследство. М., 1941. Кн. 43—44.
Я.З.Басін.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАБО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл. На р. Віць (за 51,1 км ад вусця), у бас. р. Прыпяць. За 14 км на ПнЗ ад г. Хойнікі, каля в. Вял. Бор. Створана ў 1986. Пл. 2,7 км², даўж. 2,63 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 13,9 м. Аб’ём вады 8,95 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАКНЯ́ЖАЦКІ СУД,
гаспадарскі суд, вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы аб дзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ,
сметнікавыя куры (Megapodiidae), сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).
Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАПО́ЛЬСКА-КУЯ́ЎСКАЯ НІЗІ́НА
(Nizina Wielkopolsko-Kujawska),
нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас. р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.
У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял. воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАПО́ЛЬШЧА, Вялікая Польшча (Wielkopolska),
гістарычная вобласць у Польшчы, у бас. сярэдняга цячэння р. Варта. Цэнтр — г. Познань. Тэр. Велікапольшчы цяпер уваходзіць пераважна ў Пазнанскае ваяводства. У старажытнасці насяляла племя палян, якое стала ядром стараж.-польскай дзяржавы дынастыі Пястаў (першая сталіца г. Гнезна). Ад назвы палян першапачаткова наз. Польшча, з 14—15 ст. — Вял. (Старая) Польшча. У канцы 16—18 ст. да Велікапольшчы адносілі таксама Куявы, Каралеўскую Прусію, Серадзкую і Лэнчыцкую землі і Мазовію. Пасля 1-га (1772) і 2-га (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Прусіі. У 1807 увайшла ў Варшаўскае герцагства. З 1815 як Пазнанскае вял. княства зноў у Прусіі. У 1919 вернута Польшчы.
т. 4, с. 67