Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́ЛЬБАРСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія з сярэдзіны 1 ст. насялялі тэр. паўн.-ўсх. Польшчы. Назва ад могільніка каля мяст. Мальбарк-Вельбарк у Ніжнім Павісленні. Мае 2 стадыі развіцця: вельбарска-любавідскую (1—2 ст.) і вельбарска-цэцэльскую (2—4 ст.), у час якой пачалося прасоўванне плямён Вельбарскай культуры на ПдУ, таму ў 2 ст. яны займалі тэр. ад правабярэжжа Зах. Буга да р. Гарынь. Насельніцтва жыло на адкрытых селішчах па берагах рэк, у 2-камерных жытлах глінабітна-каркаснай канструкцыі. Выраблялі ляпныя прысадзістыя шыракагорлыя гаршкі, арнаментаваныя рэльефнымі геам. ўзорамі, нешматлікую ганчарную кераміку. Пахавальныя абрады — трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках; пахавальны інвентар найчасцей складаўся з глінянага гаршка, бронзавай фібулы і касцянога грэбеня. На фарміраванне Вельбарскай культуры, на думку многіх даследчыкаў, паўплывалі ўсх.-герм. плямёны готаў і гепідаў. На тэр. Беларусі вядомы толькі могільнікі Вельбарскай культуры з абрадам трупаспалення: Брэсцкі бескурганны могільнік, Дружба (Брэсцкі р-н), Вялічкавічы (Камянецкі р-н) і інш.

В.С.Вяргей.

т. 4, с. 69

ВЕЛЬБО́Т

(ад англ. whale-boat кітабойная шлюпка),

быстраходная 4—8-вёславая мараходная шлюпка з вострымі носам і кармой. Весляры размяшчаюцца па аднаму на банцы (сядзенні), кожны вяслуе адным двухлопасцевым вяслом. Вельботы бываюць раз’язныя і выратавальныя. Як кітабойныя вельботы зараз не выкарыстоўваюцца.

т. 4, с. 69

ВЕЛЬВЕ́Т

(ад англ. velvet аксаміт),

вельвецін, шчыльная баваўняная ці сінт. тканіна, якая мае на добрым баку падоўжныя рубчыкі з уточнага ворсу. Вельвет-корд мае шырокія, вельвет-рубчык — вузкія рубчыкі. З вельвету шыюць курткі, касцюмы і інш.

т. 4, с. 69

ВЕЛЬВЕТО́Н,

гладкаафарбаваная шчыльная тканіна з кароткім густым начасаным ворсам на добрым баку. Выкарыстоўваюць у асноўным для пашыву спарт. касцюмаў.

т. 4, с. 69

ВЕЛЬГА́ЎЗЕН (Wellhausen) Юліус

(17.5.1844, г. Гамельн, Германія — 7.1.1918),

нямецкі ўсходазнавец. Праф. тэалогіі ў Грайфсвальдзе (1872—82), усходазнаўства ў Гале (1882—85), Марбургу (1885—92) і Гётынгене (з 1892). Даследчык стараж. гісторыі іудаізму, ранняга перыяду гісторыі ісламу, раннехрысц. літ. помнікаў. Гал. працы: «Уводзіны ў Стары Запавет» і «Гісторыя Ізраіля» (абедзве 1878), «Гісторыя Ізраіля і Іудзеі» (1894). Паводле Вельгаўзена гал. частка т.зв. Майсеевага закону (ён назваў яго Жрэцкім кодэксам) напісана не легендарным Майсеем у 15—13 ст. да н.э., як сцвярджае іудзейска-хрысц. традыцыя, а групай жрацоў у 6 ці 5 ст. да н.э.

т. 4, с. 69

ВЕ́ЛЬТМАН Аляксандр Фаміч

(20.7.1800, С.-Пецярбург — 23.1.1870),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Маскоўскае вучылішча калонаважатых (1817). У 1818—31 на ваен. службе ў Бесарабіі. У 1852—70 дырэктар Аружэйнай палаты. Аўтар рамант. паэм «Уцякач» і «Мурамскія лясы» (абедзве 1831), рамана-падарожжа «Вандроўнік» (ч. 1—3, 1831—32), гіст. раманаў «Кашчэй Бессмяротны» (1833), «Лунацік» (1834), «Святаславіч, варожы гадаванец» (1835) і інш., кн. «Аповесці» (1843), даследаванняў «Нарыс старажытнай гісторыі Бесарабіі» (1828), «Варагі» (1834), «Першабытнае вераванне і будызм» (1864) і інш. У рамане «Саламея» (1846) з эпапеі «Прыгоды, пачэрпнутыя з мора жыццёвага» (кн. 1—4, 1846—63) адлюстраваў працэс нараджэння фантасмагорый у скажоным сац. адносінамі свеце. У творах Вельтмана спалучаюцца фантастыка і рэальнасць, авантурныя і бытавыя элементы; выкарыстоўваецца гратэск, стылізаваная мова.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1979;

Романы. М., 1985;

Сердце и думка. М., 1986.

т. 4, с. 69

Вельтман Марцін Юсцін

т. 18, кн. 1, с. 363

ВЕЛЬЦАВА́ННЕ

(ад ням. wälzen качаць, перакочваць),

перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.

У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз. вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).

т. 4, с. 69

ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,

парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.

Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.

Э.Р.Самусенка.

т. 4, с. 69

ВЕЛЬЯМО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Матыкальскім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр калгаса. За 28 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 535 ж., 181 двор (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (1899).

т. 4, с. 70