Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»,

шматтомнае універсальнае энцыклапедычнае выданне для дзяцей. Выдадзена ў 1958—77 у Маскве выд-вам «Вялікая Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 3 выданні: 1-е ў 10 т. (1958—62), 2-е і 3-е ў 12 т. (1964—69 і 1971—77). Прынцып пабудовы ўсіх выданняў «Дз.э.» — тэматычна-алфавітны. Кожны том мае ўласную назву і складаецца з некалькіх раздзелаў (т. 1 — «Зямля», т. 2 — «Свет нябесных цел. Лікі і фігуры». т. 3 — «Рэчывы і энергія», т. 4 — «Расліны і жывёлы» і г.д.), вызначаецца навуковай дакладнасцю, даступнасцю выкладу матэрыялу, багата ілюстравана.

Сярод інш. энцыклапедычных даведнікаў для дзяцей вылучаюцца энцыклапедыя «Што такое. Хто такі» (т. 1—2, 1968, 2-е выд., г 1—3, 1975—78), а таксама даведнікі для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту: «Энцыклапедычны слоўнік юнага спартсмена» (1979), «Энцыклапедычны слоўнік юнага астранома» (1980, 2-е выд. 1986), «Энцыклапедычны слоўнік юнага хіміка» (1982, 2-е выд. 1990), «Энцыклапедычны слоўнік юнага мастака» (1983), «Энцыклапедычны слоўнік юнага літаратуразнаўца» (1987) і інш. (для юных земляробаў, фізікаў, матэматыкаў, музыкантаў, біёлагаў).

В.К.Шчэрбін.

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧА-ЮНА́ЦКІЯ СПАРТЫ́ЎНЫЯ ШКО́ЛЫ,

гл. ў арт. Спартыўныя школы.

т. 6, с. 119

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.

Р.У.Дэрфліо.

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ Я́СЛІ,

дашкольная ўстанова, якая забяспечвае неабходныя ўмовы развіцця і выхавання дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 3 гадоў. У Дз.я. вылучаюць 4 ўзроставыя групы: грудных дзяцей (да 9 мес), «паўзунковая» (9—14 мес), сярэдняя (14—24 мес), старэйшая (2—3 гады). Дзяцей, якім споўнілася 3 гады, прымаюць дзіцячыя сады. З 1959 існуе дашкольная ўстанова, якая аб’яднала Дз.я. і дзіцячыя сады ў адзін тып дашкольнай установы — дзіцячыя яслі-сад.

У яслях дзеці знаходзяцца па 10—11 гадз у суткі; існуюць групы падоўжанага і кругласутачнага выхавання. З дзецьмі працуюць сёстры-выхавальніцы, метадычную і выхаваўчую работу ажыццяўляе педагог-метадыст, лячэ́бна-прафілактычную — урач. Будуюць Дз.я. паводле тыпавых праектаў на 30—40 месцаў; у групе ад 1 да 2 гадоў — 10, ад 2 да 3 гадоў — 15 месцаў. У апошнія гады колькасць дзяцей у Дз.я. паменшала ў выніку змены заканадаўства аб працягласці дэкрэтнага адпачынку жанчынам (да 3 гадоў). У 1980 на Беларусі было 229 Дз.я. на 20,6 тыс. дзяцей, у 1996—17 Дз.я. на 0,8 тыс дзяцей. Гл. таксама Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.

Э.А.Вальчук.

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧЫ ДОМ,

дзяржаўная выхаваўчая ўстанова для дзяцей-сірот і дзяцей. якія засталіся без апекі бацькоў. Дзеці знаходзяцца на поўным дзярж. забеспячэнні. Асн. тыпы Дз.д.: агульныя (для дзяцей ад 3 да 18 гадоў), спец. (для дзяцей з недахопамі развіцця), сямейныя (выхаванцы знаходзяцца ў сем’ях, якія ўзялі 5 і болей дзяцей).

У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі для дзяцей-сірот ствараліся дзіцячыя прытулкі і сіроцкія дамы, якія існавалі пераважна на сродкі дабрачынных і філантрапічных т-ваў. Пасля 1917 пераўтвораны ў Дз.д. У 1920—23 існавалі дзіцячыя калоніі і школы-камуны. Спец. Дз.д. былі створаны для дзяцей, бацькі якіх загінулі ў Вял. Айч. вайну. У Беларусі ў 1945 было 245 Дз.д., у 1996/97 навуч. г. —49 (2545 дзяцей), у т.л. 17 агульнага тыпу (1654 дзіцяці), 10 спец. дамоў (741 дзіця), 22 сямейнага тыпу (150 дзяцей).

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧЫ САД,

гл. ў арт. Дашкольныя ўстановы, Дашкольнае выхаванне і навучанне.

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.

Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).

У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.Чачот, А.Рыпінскі, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі, А.А.Грыневіч, Р.Р.Шырма, Г.І.Цітовіч і інш.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;

Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;

Барташэвіч Г.А Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.

Г.А.Барташэвіч.

т. 6, с. 122

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФОНД АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ,

(United Nations Children’s Fund; ЮНІСЕФ). Засн. Ген. Асамблеяй ААН 11.12.1946 як Надзвычайны міжнар. фонд дапамогі дзецям у Еўропе пасля 2-й сусв. вайны. З кастр. 1953 — Дз. ф. ААН. Кіруючы орган — Выканаўчы савет (36 чл., 1997). Сакратарыят ЮНІСЕФ вядзе работу праз свае бюро больш чым у 140 краінах. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Нобелеўская прэмія міру 1965.

Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі ажыццяўляюцца з 1994, прадстаўніцтва адкрыта ў маі 1997 у Мінску. Распрацаваны праграмы супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі Беларусі па асн. кірунках: абарона правоў дзіцяці і рэалізацыя Канвенцыі аб правах дзіцяці; развіццё падлеткаў і моладзі; аказанне дапамогі дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў; здароўе дзяцей і жанчын; ліквідацыя адмоўнага ўздзеяння на дзяцей наступстваў, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.

В.У.Радзівіноўскі.

т. 6, с. 122

ДЗІ́ЧКА.

1) у садоўніцтве — маладое дрэўца, якое вырошчваюць з насення на прышчэпу ці самасейнае. Дз. наз. таксама плод дзікай грушы ці яблыні.

2) У лесаводстве — 2—3-гадовае дрэўца, якое вырасла ў лесе з насення і выкарыстоўваецца як пасадачны матэрыял.

т. 6, с. 123

ДЗІЧЫ́НА,

птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.

т. 6, с. 123