Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, Х.​Жычка, К.​Кірэенка, М.​Машара, С.​Шушкевіч і інш.

Тв.:

Бел пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.

Літ.:

Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.

А.​У.​Вострыкава.

Дж.Нейман.

т. 11, с. 272

НЕ́ЙМЕГЕН (Nijmegen),

горад у цэнтр. ч. Нідэрландаў. Каля 150 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ваал. Прам-сць: эл.-тэхн., суднабуд., гарбарна-абутковая, папяровая, хім., фарфора-фаянсавая. Каталіцкі ун-т. Музей старажытнасцей. Арх. помнікі 11—17 ст.: капэла палаца Валкхоф, царква Сінт-Стэвенскерк (Гротэ керк), рэнесансавая ратуша.

Напачатку вядомы як паселішча племя батаваў. У час рым. заваявання (1 ст. да н.э.) Noviomagus Batavorum. З пач. 9 ст. рэзідэнцыя Карла Вялікага і яго нашчадкаў (Каралінгаў). З 1230 вольны каралеўскі горад, член Ганзы. У 1248 далучаны да графства Гелдэрн. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі заняты ў 1585 ісп. войскамі, у 1591 адваяваны галандцамі. У 1678—79 у Н. падпісаны мірны дагавор паміж франц. і антыфранц. кааліцыямі. У 1794 зноў заняты франц. войскамі. З 1795 у складзе Батаўскай рэспублікі, з 1810 — Францыі. У 1815 вернуты Галандыі. У 1923 у Н. засн. каталіцкі ун-т. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення наступальнай аперацыі англа-амер. войск.

т. 11, с. 273

НЕЙРА... (ад грэч. neuron жыла, нерв), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх адносіны да нерваў, нервовай сістэмы, напр., нейрагармоны, нейрадэрміт.

т. 11, с. 273

НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч. нейра... + гармоны),

біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв. сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводле хім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 273

НЕЙРАГЛІ́Я,

тое, што глія.

т. 11, с. 273

НЕЙРАГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

шматэтапная сістэма кіравання, што каардынуе і інтэгруе дзеянне нерв. сістэмы і гумаральных фактараў крыві, лімфы, тканкавай вадкасці на фізіял. працэсы ў арганізме жывёл і чалавека. Падтрымлівае адноснае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма (гамеастаз) і яго прыстасаванасць да ўмоў існавання. Мае нерв. механізмы вядучых звёнаў рэгуляцыі і хім. рэчывы (гармоны, медыятары, метабаліты) для перадачы сігналаў паміж клеткамі і ўнутры клетак. Складаецца з кіравання (працэсы, што адбываюцца ў нерв. элементах), сінтэзу (утварэнне малекул гумаральнага рэгулятара ў сакраторных клетках), сакрэцыі (выдзяленне гумаральнага рэгулятара з клетак у кроў), транспарту (перанос малекул па крыві, лімфе і міжклетачнай вадкасці), эфекту (узаемадзеянне гумаральнага рэгулятара з клетачнымі рэактыўнымі сістэмамі, што выклікае пэўныя метабалічныя і функцыян. змены ў клетках органа-мішэні), метабалізму (біяхім. пераўтварэнні малекул гумаральнага рэгулятара і вывядзенне з арганізма).

Літ.:

Акмаев И.Г. Структурные основы механизмов гипоталамической регуляции эндокринных функций. М., 1979;

Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 273

НЕЙРАДЭРМІ́Т (ад нейра... + дэрма + ...іт),

хранічны дэрматоз, які суправаджаецца свербам і ліхенізацыяй (ушчыльненнем скуры, узмацненнем яе малюнка, парушэннем пігментацыі). Бывае алергічны, нейрагенны, спадчынны. Пры Н. ўзнікае прыступападобны сверб скуры, асабліва ноччу, пасля нерв. хваляванняў і інш. Часцей пашкоджваецца скура на патыліцы, шыі, локцевых, падкаленных згібах, перадплеччах. Лячэнне тэрапеўт., ванны з марской соллю, лек. травамі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 11, с. 273

НЕЙРАКАМП’Ю́ТЭР,

вылічальная сістэма, у аснову якой закладзены нейрасеткавыя прынцыпы функцыянавання. Асн. элемент Н. — нейронная сетка. Спалучае якасці біял. сістэм (напр., навучанне, у т. л. саманавучанне, самаарганізацыя, прыстасавальнасць) з перавагамі выліч. тэхнікі (высокая скорасць апрацоўкі інфармацыі, вял. аб’ём памяці). Работы па стварэнні універсальных Н. вядуцца ў ЗША, Японіі, Расіі. На Беларусі даследаванні па праблемах Н. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш.

У.​А.​Галаўко, Р.​Х.​Садыхаў.

т. 11, с. 273

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

НЕЙРАМІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

прыроднае злучэнне, якое прысутнічае ў тканках жывёл і ў некаторых мікраарганізмах у выглядзе N- і N, O-ацыліраваных (або O-метыліраваных) вытворных (сіялавых кіслот), HOOC—CO—CH2—CHOH—CH(NH2)—(CHOH)3—CH2OH. Уваходзіць у склад прыродных глікаліпідаў, глікапратэідаў, у малекулах якіх звязана з рэшткамі монацукрыдаў. Біясінтэз Н.к. працякае з удзелам вытворных гексазамінаў і піравінаграднай кіслаты. Пры некат. хваробах і паталаг. станах (напр., рак, туберкулёз, псіхічныя захворванні) колькасць Н.к. ў вадкасцях і тканках арганізма значна павялічваецца. У складзе глікаліпідаў удзельнічае ў звязванні некат. вірусаў і нейратаксінаў у арганізме.

т. 11, с. 273