НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.Блумфілда, В.Дарашэўскага, А.Р.Лурыі, Р.В.Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А, Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.А.Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)