ГАДЗІ́ННЫ ВУ́ГАЛ,
гл. ў арт. Нябесныя каардынаты.
т. 4, с. 422
ГАДЗЮ́КАВЫЯ
(Viperidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.
т. 4, с. 422
ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ
(Vipera berus),
ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.
Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванаватааранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.
т. 4, с. 422
ГАДЗЯ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1658,
пагадненне, якое вызначала ўзаемаадносіны Украіны і Польшчы. Падпісана 16.9.1658 у г. Гадзяч (Украіна) гетманам Запарожскага войска І.Выгоўскім і прадстаўнікамі польск. ўрада ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле Гадзяцкага дагавора з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяв. ўтваралася асобная дзяржава, што аб’ядноўвалася з Польшчай, як і ВКЛ, на прынцыпах федэрацыі. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 30 тыс. чал., з кожнага палка 100 казакоў атрымлівалі шляхецтва. У Кіеве і ВКЛ ствараліся 2 акадэміі з прафесарамі правасл. і каталіцкага веравызнанняў, але скасоўваліся езуіцкія школы і забараняліся ерэтычныя секты. Гадзяцкі дагавор быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай, але не набыў сілы, бо ў выніку нар. паўстання 1659 гетман Выгоўскі скінуты і ўцёк.
Г.М.Сагановіч.
т. 4, с. 422
ГАДЛЕ́ЎСКІ Вінцэнт
(Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
бел. паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел. нац. к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл. «Беларуская крыніца»).
Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел. нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел. нац. цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.
С.С.Рудовіч.
т. 4, с. 422
ГАДЛЕ́ЎСКІ Вітальд Газдава
(18.5.1879, Мінск — 24.5.1899),
паэт. Пісаў на польскай мове. Аўтар зб. «Блудныя птахі» (1918). У яго вершах апета хараство бел. прыроды (нізка «Пейзажы»), шмат песімізму, меланхоліі, незадаволенасці рэчаіснасцю.
т. 4, с. 422
ГАДО́ГРАФ
(ад грэч. hodos шлях, рух, кірунак + ...граф),
1) у механіцы — крывая лінія, утвораная канцом вектар-функцыі, значэнні якой пры розных значэннях аргумента адкладзены ад агульнага пачатку (пункт 0). Калі, напр., становішча рухомага пункта M вызначаецца радыус-вектарам , то гадограф вектара — траекторыя руху гэтага пункта. Гадограф дае геам. ўяўленне пра змяненне ў часе некат. вектар-функцыі і пра скорасць гэтага змянення, якая накіравана па датычнай да гадографа, напр., скорасць пункта M накіравана па датычнай да гадографа вектара , паскарэнне — па датычнай да гадографа вектара скорасці .
2) У сейсмалогіі — графік залежнасці паміж адлегласцю і часам, на працягу якога сейсмічныя ваганні распаўсюджваюцца ад цэнтра землетрасення або выбуху да пункта назірання. Аналіз формы гадографа выкарыстоўваецца пры даследаваннях будовы Зямлі, для разведкі карысных выкапняў і інш.
т. 4, с. 422
ГАДУНО́Ў Аляксандр Антонавіч
(н. 2.9.1921, с. Фашчаўка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Усесаюзны завочны юрыд. ін-т (1950). З 1976 у Беларускім дзярж. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—94 у Акадэміі кіравання пры СМ Беларусі. Навук. працы па праблемах удасканалення структуры і метадаў кіравання.
Тв.:
Вопросы теории управления производством. Л., 1965;
Социально-экономические проблемы управления социалистическим производством. М., 1975;
Роль науки управления социалистическим производством. Мн., 1986.
т. 4, с. 422
ГАДУНО́Ў Аляксандр Барысавіч
(28.11.1949, г. Паўднёва-Сахалінск, Расія — 13.5.1995),
рускі артыст балета. Скончыў Рыжскае харэагр. вучылішча (1967). З 1967 саліст харэагр. ансамбля «Маскоўскі класічны балет», з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. Яго танец вылучаўся яркасцю, тонкай пластычнай выразнасцю, адточанасцю тэхнікі ў партыях класічнага і сучаснага рэпертуару: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Клаўдзіо («Каханнем за каханне» Ц.Хрэннікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Іван Грозны («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Вронскі («Ганна Карэніна» Шчадрына). З 1979 у ЗША і Зах. Еўропе: у Амер. т-ры балета, у трупе А.Эйлі, з 1984 у антрэпрызе «Гадуноў і зоркі». Залаты медаль Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1973). У 1985 пакінуў сцэну. Здымаўся ў Галівудзе («Моцны арэшак-1», 1988, і інш.).
А.І.Максаў.
т. 4, с. 422