Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ.

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.

Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.

Т.В.Габрусь.

Дзівінская царква Параскевы Пятніцы.

т. 6, с. 111

ДЗІ́ВІНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—59. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — в. Дзівін. Пл. 1 тыс. км2. 12.10.1940 падзелены на 11 сельсаветаў. 8.8.1959 скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Кобрынскі, Драгічынскі і Маларыцкі р-ны.

т. 6, с. 112

ДЗІГА́Н Яфім Львовіч

(14.12.1898, Масква — 21.12.1981),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Засл. дз. маст. Расіі (1958). Скончыў кінашколу імя Б.Чайкоўскага ў Маскве. Творчую дзейнасць пачаў у 1928 на кінастудыі «Дзяржкінапрам» Грузіі фільмам «Першы карнет Стрэшнеў» (разам з М.Чыяўрэлі). У 1929—34 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, дзе зняў дакумент. («Май калгасны», 1930, «На штурм», 1931) і маст. («Суд павінен працягвацца», 1931, «Жанчына», 1932) фільмы. Майстар жанру гіст.-рэв. эпапеі: «Мы з Кранштата» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Пралог» (1956), «Жалезны паток» (1967). З 1937 выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі ў Маскве (з 1965 праф.).

т. 6, с. 112

ДЗІ́ДА,

старажытная колючая зброя; род лёгкага кап’я або пікі з металічным наканечнікам, насаджаным на доўгае цаўё. Падобную паляўнічую прыладу наз. таксама дзідка, рагаціна.

т. 6, с. 112

ДЗІДА́КНА

(Didacna),

род малюскаў сям. лімнакардыід кл. двухстворкавых. Жывуць толькі ў Каспійскім м. (эндэмікі) у мелкаводнай прыбярэжнай зоне, на пясчаных і заглееных грунтах на глыб. каля 50 м. Найб. звычайныя D. trigonoides, D. protracta, D. barbot de marnyi, D. crassa. Рэлікты сармацкай фауны.

Ракавіна (даўж. да 6 см) трохвугольна-авальная або авальная з плоскімі радыяльнымі рэбрамі, з 2 (радзей 1) кардынальнымі зубамі. Біяфільтратары.

Дзідакна: 1 — trigonoides; 2 — protracta.

т. 6, с. 112

ДЗІДЗЕ́НКА Рыгор Васілевіч

(13.2.1917, в. Навапаўлаўка Уральскай вобл., Казахстан — 26.8.1972),

бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Варонежскае тэатр. вучылішча (1938). У 1938—41 чытальнік Ансамбля песні і танца пагранвойск БССР. З 1947 у Белдзяржфілармоніі, артыст размоўнага жанру. Аўтар і выканаўца сатыр. куплетаў, мініяцюр, фельетонаў.

т. 6, с. 112

ДЗІДЗІЧЭ́НКА Ірына Дзянісаўна

(н. 22.8.1936, С.-Пецярбург),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1955). Працавала ў т-рах Чэлябінска і Новасібірска. У 1959—75 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яркая характарная танцоўшчыца, валодала выразнай пластыкай, моцным сцэн. тэмпераментам.

Сярод партый: Мадэрнісцкая танцоўшчыца і Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Марта («Святло і цені» Г.Вагнера), Мерседэс і Вулічная танцоўшчыца («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Анітра («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.Караева), Маўрытанка і Іспанка («Балеро» на муз. М.Равеля), фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), танцы — індускі («Баядэрка», Мінкуса), іспанскі, венгерскі («Лебядзінае возера» Чайкоўскага), сарацынскі («Раймонда» А.Глазунова), іспанскі танец, мазурка («Папялушка» С.Пракоф’ева), кракавяк («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), гадзітанскі, этрускі («Спартак» А.Хачатурана), а таксама ў операх «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Кармэн» Ж.Бізэ.

А.І.Калядэнка.

т. 6, с. 112

ДЗІ́ДЗІ ЦУСІ́Н,

інфарм. агенцтва Японіі, другое (пасля Кіода Цусін) па велічыні і значэнні. Засн. ў 1945 у Токіо на акцыянерных пачатках. Распаўсюджвае ўнутр. (эканам., паліт., спарт.) і міжнар. інфармацыю ўласных карэспандэнтаў і замежных агенцтваў. Абменьваецца інфармацыяй з Рэйтэр, ЮПІ, АФП, ІТАР—ТАСС, Сіньхуа і інш. агенцтвамі. Абслугоўвае 124 японскія і 28 замежных газетных выдавецтваў, радыё- і тэлестанцый (1992). Выдае 2 штотыднёвікі, інфарм. бюлетэні на спец. тэмы. Мае 80 аддзяленняў у краіне і 25 за яе межамі (1992).

Т.А.Меляшкевіч.

т. 6, с. 112

ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т.л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.Данілава, К.Целяшова, А.Ліхуціна, М.Гольц.

Ш.Дзідло. Мастак В.Баранаў.

т. 6, с. 112

ДЗІДО́

(Didot),

сям’я франц. кніга́выдаўцоў і кнігадрукароў. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Франсуа (1689—1757 або 1759), заснавальнік кнігавыдавецкай прыватнай фірмы Парыж (з 1713) і друкарскай (з 1754) справы. Франсуа Амбруаз (1730—1804), сын Франсуа. Вынаходнік веленевай паперы, першы выдавец франц. класічнай л-ры; шмат зрабіў для ўдасканалення друкарскага станка. П’ер Франсуа (1732—93), сын Франсуа. Словалітчык, друкар, пераплётчык, уладальнік папяровай ф-кі. Фірмэн (1764—1836), унук Франсуа. Стваральнік друкарскай сістэмы вымярэнняў элементаў шрыфту, наборных формаў (тыпаметрыі), гіпсавай стэрэатыпіі і розных шрыфтоў, якімі карысталіся ўсе краіны Еўропы. Выступаў і як перакладчык вершаў Вергілія і Тэакрыта. За заслугі Фірмэна род Дзідо ў 1887 атрымаў прозвішча Фірмэн-Дзідо. Выдавецкая і кнігагандл. фірма «Фірмэн-Дзідо» існуе ў Францыі і сёння.

Т.А.Меляшкевіч.

т. 6, с. 112