Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕСАЎПАРАДКАВА́ННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі ляснога фонду і рацыянальным лесакарыстанні, На Беларусі пачата ў 1921. Уключае: арганізацыю тэрыторый лесагасп. прадпрыемства; вызначэнне лясных рэсурсаў, катэгорый ахоўных лясоў; праектаванне лесагасп., лесааднаўленчых, лесамеліярац. і інш. работ. Праводзіцца Бел. лесаўпарадкавальным ВА «Белдзяржлес» кожныя 10 гадоў (у 1945—96—5 разоў). З канца 1990-х г.т.зв. бесперапыннае Л. (змяненні ў стане ляснога фонду фіксуюцца штогод). Адначасова з Л. могуць весціся глебава-тыпалагічныя абследаванні і паляўніцтваўпарадкаванне.

т. 9, с. 217

ЛЕСАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, заснаваная на хім. перапрацоўцы драўніны. Да яе адносяцца: сухая перагонка драўніны, розныя віды каніфольна-шкіпінарных вытв-сцей (гл. Лесахімія), выпальванне вугалю. На Беларусі спецыялізавана па выпуску каніфолі, шкіпінару (тэрпенцінавага масла), хваёвай смалы, масла хваёвага флатацыйнага, дубільных экстрактаў.

У дарэв. Беларусі дзейнічалі дробныя саматужныя смолашкіпінарныя і дзягцярныя прадпрыемствы. У 1900 іх было 161, працавала каля 400 рабочых (без занятых нарыхтоўкай і падвозам); у 1912 давалі 18% агульнарасійскай прадукцыі Л.п. Першымі прадуктамі былі смала, драўняны вугаль, дзёгаць. У БССР каніфольна-шкіпінарная вытв-сць пачалася ў 1926 з прамысл. падсочкі жывіцы ў Старабарысаўскім і Крупскім лясніцтвах. У 1927 засн. каніфольны з-д у Навабеліцы (з 1976 Гомельскі папярова-лесахім. з-д), у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д (з 1971 у складзе папярова-лесахім. з-да). У 1940 здабыта 2903 т жывіцы, выраблена 2837 т каніфолі, 4269 т шкіпінару-сырцу і 3534 т ачышчанага шкіпінару.

У 1967 валавая прадукцыя Л.п. дасягнула найвышэйшага ўзроўню, у наступныя гады яе аб’ём скараціўся, што абумоўлена змяншэннем сыравіннай базы, заменай асобных відаў прадукцыі сінтэтычнымі. Нарыхтоўка асмолу і смолашкіпінарная вытв-сць метадам сухой перагонкі драўніны праводзілася ў вытв. лесанарыхтоўчых аб’яднаннях. Цяпер атрымліваюць пераважна вугаль і дзёгаць; перапрацоўку жывіцы вядзе акц. т-ва «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахім. з-д). У 1998 выраблена каніфолі хваёвай 7 тыс. т, шкіпінару жывічнага 1,4 т, прэпарата ВРП (рэчыва для наклейкі этыкет на пластыкавыя бутэлькі) 227 т, мальтаміну 20 т, клею-пасты 3002 т, аліфы 3567 т, сальвенту 1873 т, лаку па дрэве 103 т, тасолу 920 т, лаку бітумнага 1503 т, фарбы ВЭ 280 т, лакаў паркетнага ПФ-283—23 т, для фарбаў ПФ-060—288 т. Запланаваныя ў падсочку хваёвыя лясы дазваляюць забяспечыць аб’ём здабычы жывіцы да 15 тыс. т. Акц. т-ва «Лесахімік» штогод перапрацоўвае 10 тыс. т жывіцы. Патрэбнасць у жывіцы для вытв-сці неабходнай Беларусі каніфолі складае 20% ад агульнага аб’ёму яе здабычы.

Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.

Да арт. Лесахімічная прамысловасць. Збор жывіцы ў леспрамгасе.

т. 9, с. 217

ЛЕСАХІ́МІЯ,

галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.

Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.

Літ.:

Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;

Гордон Л.В., Скворцов С.О.,Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 9, с. 217

ЛЕ́СБАС (Lesbos),

Мітыліні, востраў у Эгейскім м., каля ўзбярэжжа п-ва М. Азія; тэр. Грэцыі. Пл. 1636 км2. Нас. больш за 100 тыс. чал. Узгоркі і горы выш. да 967 м (г. Олімбас), шмат бухтаў. Тэрмальныя крыніцы. Міжземнаморскія хмызнякі, лясы. Аліўкавыя гаі. Вырошчваюць цытрусавыя, тытунь. Рыбалоўства. Здабыча мармуру. Гал. порт — Мітыліні. Л. — адзін з цэнтраў стараж.-грэч. культуры.

т. 9, с. 218

ЛЕСБІЯ́НСТВА, лесбійская любоў, сапфізм, трыбадыя,

жаночы гомасексуалізм. Назва ад в-ва Лесбас, дзе ў 7—6 ст. да н.э. жыла стараж.грэч. паэтэса Сапфо, якая ў сваіх вершах апявала каханне і прыгажосць.

т. 9, с. 218

ЛЕ́СГАФТ (Пётр Францавіч) (3.10.1837, С.-Пецярбург — 11.12.1909),

расійскі педагог, анатам і ўрач, адзін з заснавальнікаў школьнай гігіены і ўрачэбнапед. кантролю ў фіз. выхаванні. Д-р медыцыны (1865), хірургіі (1868). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Працаваў ва ун-тах Пецярбурга, Казані, у Гал. упраўленні ваенна-навуч. устаноў. Выступаў за развіццё нар. адукацыі, у т.л. жаночай. У 1896 стварыў Курсы выхавальніц і кіраўніц фіз. выхавання, на базе якіх у 1919 адкрыты Дзярж. ін-т фіз. адукацыі імя Л. (Ін-т фіз. культуры імя Л.). Гал. прынцып адукац. тэорыі Л. — адзінства фіз. і разумовага развіцця чалавека. Сістэму накіраваных практыкаванняў разглядаў як сродак фіз., разумовага, маральнага і эстэт. выхавання.

Тв.:

Собр. пед. соч. Т. 1—5. М., 1951—54;

Избр. пед. соч. М., 1988.

Літ.:

Шабунин АВ. П.Ф.Лесгафт (1837—1909). М., 1982.

т. 9, с. 218

ЛЕСІВА́Ж (ад франц. lessivage вышчалочванне, вымыванне),

перамяшчэнне ілістых (тонкадысперсных) часцінак глебы ў форме водных суспензій (без іх хім. пераўтварэння) з верхніх гарызонтаў у ніжнія. Характэрны для кантынентальнага і ўмеранага клімату з вял. колькасцю ападкаў у летні перыяд, са слабымі сезоннымі кантрастамі (атл., міжземнаморскі) на розных паводле генезісу глебаўтваральных пародах. Адбываецца ў шэрых, лясных, падзолістых і інш. глебах, з разнастайнай расліннасцю (лістападныя і шыракалістыя лясы цёплага пояса, мяшаныя і лісцевыя лясы больш халоднага клімату). У рознай ступені інтэнсіўнасці праяўляецца ва ўсіх глебава-кліматычных зонах Беларусі.

Л.В.Кругяоў.

т. 9, с. 218

ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),

нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.

Тв.:

Рус. пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;

Избранное. М., 1980.

Літ.:

Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.

Г.В.Сініла.

Г.Лесінг.

т. 9, с. 218

ЛЕСІРО́ЎКА (ням. Lasierung літар. пакрыццё палівай),

прыём тэхнікі жывапісу. На высахлыя шчыльныя слаі фарбы наносяць тонкія слаі празрыстых або паўпразрыстых фарбаў. Л. дазваляе змяніць, узмацніць або аслабіць колеравыя тоны, дасягнуць іх лёгкасці і гучнасці, узбагаціць каларыт, надаць яму большае адзінства і гармонію. Вядома са старажытнасці. Пашырана ў практыцы жывапісцаў 16—19 ст. як завяршальны этап стварэння карціны. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў кірунках жывапісу, арыентаваных на класічную традыцыю.

т. 9, с. 218

ЛЕ́СКАВІЧЫ,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,72 км2, даўж. 2,8 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 6,2 км2. Схілы катлавіны выш. 20—22 м (на Пн і 3 14—15 м), параслі хмызняком, на Пн разараныя. У паўд.-ўсх. ч. 2 вузкія залівы. Берагі зліваюцца са схіламі, на 3 нізкія, забалочаныя. Найб. глыбакаводная паўн. ч. возера, у залівах глыб. не больш за 5—6 м. Дно выслана ілам, уздоўж берагоў пясчанае. На Пд упадаюць ручаі з воз. Разван і возера без назвы, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Круглік.

т. 9, с. 218