Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАВІЛО́НІЯ,

старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі

[1792—1750 да н.э.],

мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі І у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару І [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.

Літ.:

Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.

У.Я.Калаткоў.

т. 3, с. 426

ВАВІЛО́НСКАЕ СТОЎПАТВАРЭ́ННЕ,

біблейскі міф пра спробу людзей пабудаваць пасля сусветнага патопу ў зямлі Сенаар (Месапатамія) горад і вежу да нябёс (гл. Вавілон, Вавілонская вежа). Разгневаны дзёрзкасцю людзей, Бог, паводле Бібліі, «змяшаў іх мовы» так, што тыя перасталі разумець адзін аднаго, і «рассеяў іх па ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Недабудаваны горад назвалі Вавілон. У пераносным значэнні Вавілонскае стоўпатварэнне — мітусня, поўны беспарадак.

т. 3, с. 426

ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,

свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г. Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл. Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.

т. 3, с. 426

ВАВІЛО́НСКІ ПАЛО́Н,

перыяд у гісторыі стараж. яўрэяў. Доўжыўся ад узяцця Іерусаліма вавілонскім царом Навухаданосарам II і насільнага вывядзення значнай часткі яўрэяў у Вавілонію (585 да н.э.) да яе заваявання перс. царом Кірам II (538 да н.э.), пасля чаго яўрэям было дазволена вярнуцца ў Палесціну і аднавіць Іерусалім.

т. 3, с. 426

ВАГ

(Váh),

рака ў Славакіі, левы прыток Дуная. Даўж. 433 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Пачынаецца ў Татрах, цячэ па сярэднягор’ях, потым па Сярэднедунайскай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады 152 м³/с. Сплаў драўніны. Суднаходства на 355 км. Каскад ГЭС. На Вагу — гарады Ружамберак, Жыліна, Трэнчын.

т. 3, с. 427

ВА́ГА,

рака, левы прыток Паўн. Дзвіны, у Валагодскай і Архангельскай абл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 575 км, пл. бас. 44,8 тыс. км². Пачынаецца сярод балот, цячэ па лясістай мясцовасці. Асн. прытокі: Кулой, Вусця (справа), Вель (злева). Сярэдні расход вады каля с. Усць-Сюма 369 м³/с. Суднаходная на 355 км ад вусця. Сплаўная. На Вазе — г. Вельск, Шэнкурск.

т. 3, с. 427

ВАГАБЗАДЭ́ Бахтыяр Махмуд аглы

(н. 16.8.1925, г. Шэкі, Азербайджан),

азербайджанскі паэт. Нар. паэт Азербайджана (1984). Друкуецца з 1944. У ранняй, публіцыстычнай лірыцы (зб-кі «Мае сябры», 1949; «Вясна», 1950) услаўляе подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне. Зб-кі вершаў і паэм «Песня дружбы» (1953), «Роздумы» (1959), «Не хачу спакою» (1970), «Мы на адным караблі» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Аўтар драм. паэмы «Ноч разлукі» (1959).

т. 3, с. 427

ВАГАВІ́НКА,

гл. Ясколка.

т. 3, с. 427

ВАГА́Й,

рака, левы прыток Іртыша, у Цюменскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 555 км, пл. бас. 23 тыс. км². Цячэ ў паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны. Сярэдні расход вады каля с. Чорнае 20,6 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Даліна густа населена. У вусці Вагая (Ермакова завадзь) загінуў заваёўнік Сібіры Ярмак.

т. 3, с. 427

ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.

У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл. Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл. Аўтаваганні).

П.А.Пупкевіч.

т. 3, с. 427