Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бястужаў Аляксандр Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 359

БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ

(Anura, Ecaudata),

атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.

Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 420

БЯЦЕ́ХЦІН Анатоль Георгіевіч

(8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),

савецкі геолаг, мінералог. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АН СССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АН СССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.

Літ.:

Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.

т. 3, с. 420

В,

трэцяя літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («ведзі»). Рознае вымаўленне лац. B і слав. В абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на аснове грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да н.э., калі β перадавала гук «б», а ў перыяд стварэння слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Мела лікавае значэнне 2. У сучаснай бел. мове абазначае звонкія губна-зубныя фанемы («в») і («в’»), якія ў адрозненне ад рус. мовы функцыянальна не суадносяцца з губна-зубнымі («ф») і («ф’») і пасля галосных перад зычнымі, а таксама на канцы слоў пераходзяць у «ў» («траўка», «раўнапраўе», «высноў», «любоў»).

А.М.Булыка.

т. 3, с. 421

ВА́АЛЬ

(Vaal),

рака ў ПАР, правы прыток р. Аранжавая. Даўж. каля 1250 м. Пачынаецца ў Драконавых гарах, перасякае плато Велд, працякае па глыбокай даліне. Буйныя прытокі: Вілге, Фет, Рыт (злева), Хартс (справа). Паводка летам (ліст.—люты). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 114 м³/с. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. Буйное вадасх. Вааля — Вілге. На Ваалі — г. Ферыніхінг.

т. 3, с. 421

ВА́АЛЬС (Waals) Ян Дыдэрык ван дэр

(23.11.1837, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.3.1923),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай, Парыжскай, Берлінскай АН, Нацыянальнай АН ЗША. У 1862—65 вольны слухач Лейдэнскага ун-та. Праф. Амстэрдамскага ун-та (1877—1907). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і нізкатэмпературных з’явах. Вывеў Ван-дэр-Ваальса ўраўненне і ўстанавіў неперарыўнасць газападобнага і вадкага станаў рэчыва. Разгледзеў пытанне пра малекулярныя сілы ў газападобным і вадкім станах у сувязі з будовай рэчываў. Распрацаваў тэорыю бінарных сумесяў і тэрмадынамічную тэорыю капілярнасці. Нобелеўская прэмія 1910.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 3, с. 421

ВА́АРАНДЗІ (Vaarandi) Дэбора

(н. 1.10.1916, г. Выру, Эстонія),

эстонская паэтэса. Нар. пісьменніца Эстоніі (1971). У 1936—40 вучылася ў Тартускім ун-це. Друкуецца з 1940. Першы зб. «Пад палаючым небам» (1945) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках паэзіі «Пад шум прыбою» (1948), «Ясным ранкам» (1950) гіст. мінулае і пасляваенны перыяд аднаўлення краіны. Актуальнасцю, шматграннасцю тэматыкі, высокім паэтычным майстэрствам адметныя зб-кі «Летуценнік ля вакна» (1959), «Хлеб прыбярэжных раўнін» (1965), «Пры святле ветру» (1977) і інш. Паэзіі Ваарандзі ўласцівы асацыятыўная вобразнасць, філасафічнасць, напружаная эмацыянальнасць. Выступае як публіцыст. Дзярж. прэміі Эстоніі 1950, 1965. Пераклала на эст. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову творы Ваарандзі перакладаў А.Вярцінскі.

т. 3, с. 421

ВА́БЕ (Vabbe) Адольф

(Адо) Георгіевіч (19 3.1892, г. Тапа, Эстонія — 20.4.1961),

эстонскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Эстоніі (1946). Вучыўся ў студыі А.Ажбе (Мюнхен, 1911—13). Выкладаў у Вышэйшым маст. вучылішчы імя К.Мягі (1940—41), маст. ін-це (1944—50) у Тарту, праф. (1938). У творчасці прыкметны ўплыў імпрэсіянізму і футурызму: «У кавярні» (1918), «Рачны порт» (1938) і інш. Працаваў у галіне кніжнай графікі: «Чалавек і сфінкс» І.Барбаруса (1919), «Песня песняў» Саламона (1932) і інш.

т. 3, с. 421

ВА́БІЧ,

рака ў Беларусі, у Круглянскім, Шклоўскім, Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 74 км. Пл. вадазбору 565 км². Пачынаецца за 1,7 км на У ад в. Бураўшчына Круглянскага р-на. Асн. прытокі: Чарнаводка, Васілеўка, Лімнічанка (злева), Свяцілаўка (справа). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Схілы спадзістыя. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма двухбаковая, пераважае шыр. 200—400 м. Рэчышча звілістае, шыр. 10—25 м, у верхнім цячэнні каналізавана 24 км. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. Сістэм.

т. 3, с. 421

ВА́ВЕЛЬ

(Wawel),

назва ўзгорка ў Кракаве, на левым беразе Віслы, на Пд ад Старога горада. У пач. 9 ст. тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. па 1564 Вавель — гал. каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я пал. 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутр. дваром (1502—16, арх. Ф.Ф’ёрэнціна, Б.Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т. л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т.зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульпт. К.Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польск. каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нац. гісторыі — А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Пілсудскага, Т.Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта І (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф.Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзярж. маст. зборы (у т. л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве кашт. рукапісы 12 ст. Вавель занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975. С. 121—169.

т. 3, с. 421