ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандд. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі І у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Элільнадзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару І [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э. паўд. ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
т. 3, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)