Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЕ́ЦКІ,

1) у Стараж. Русі з 11 ст. прадстаўнік ніжэйшай («малодшай») часткі дружыны. У сац.-грамадскай сферы выконваў шэраг паліцэйскіх, адм. функцый. У надзвычайных абставінах мог быць пераведзены ў баяры і атрымаць пасадніцтва. Дз. складалі сталы вайсковы аддзел, які знаходзіўся ў непасрэдным распараджэнні князя або кіраўніцтва земскай абшчыны. Па меры разлажэння дружыны Дз. трацілі рысы дружыннай структуры і паглынуты княжацкім дваром.

2) У ВКЛ у 15—16 ст. службовая асоба, якая па даручэнні вял. князя, ваяводы, старосты ці інш. прадстаўнікоў улады затрымлівала і дастаўляла абвінавачанага ў суд. З 1566 функцыі Дз. выконваў возны.

Г.В.Ласкавы.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́ЧКА Эдуард Міхайлавіч

(н. 24.1.1936, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металаапрацоўкі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958), у ім і працаваў. З 1970 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, з 1990 у БПА. Навук. даследаванні па працэсах апрацоўкі металакерамічных матэрыялаў і свідравання глыбокіх адтулін у сталях.

Тв.:

Обработка отверстий в металлокерамических деталях. Мн., 1965;

Сверление глубоких отверстий в сталях. Мн., 1979.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́Я,

закончаная частка п’есы і спектакля (драм., опернага, балетнага, музычнага). Падзел п’есы на Дз. ці акты звязаны з яе кампазіцыяй, са стылем і жанрам твора. У т-ры гэты падзел залежыць яшчэ і ад існуючых у пэўны перыяд нарматываў у дачыненні да спектакля.

т. 6, с. 108

ДЗЕЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

у праве здольнасць грамадзяніна або юрыдычнай асобы сваімі дзеяннямі набываць правы і ствараць для сябе юрыдычныя абавязкі, несці адказнасць за ўчыненае правапарушэнне. У Рэспубліцы Беларусь поўнай Дз. валодаюць грамадзяне па дасягненні паўналецця (18 гадоў). Юрыд. асобы набываюць Дз., як і праваздольнасць, з моманту іх узнікнення. Правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі ў выніку псіхічнай хваробы або разумовай непаўнацэннасці, абараняюцца іх законнымі прадстаўнікамі — бацькамі, усынавіцелямі або апекунамі. Ніхто не можа быць абмежаваны ў Дз. інакш, як у выпадках, прадугледжаных законам.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 108

ДЗЕ́ЯННЕ,

дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінка дзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.Ньютан, Ф.Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.Спіноза, І.Кант, Г.Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.Лейбніц, І.Фіхтэ, М.А.Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.

Літ.:

Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.

А.Ю.Харын.

т. 6, с. 109

ДЗЕ́ЯННЕ ў фізіцы, фізічная велічыня, якая мае размернасць здабытку энергіі на час (або імпульсу на перамяшчэнне); адна з найважнейшых характарыстык дыскрэтных мех. сістэм.

У залежнасці ад выбранай фармулёўкі варыяцыйных прынцыпаў механікі выкарыстоўваюцца 2 вызначэнні Дз.: паводле Гамільтана S = S t0 t L d t і паводле Лагранжа W = S t0 t 2 T d t , дзе L=TU — функцыя Лагранжа, T і U — кінетычная і патэнцыяльная энергіі сістэмы адпаведна, tt0 — прамежак часу, праз які мех. сістэма пераходзіць з пачатковага ў адвольны, залежны ад часу стан сістэмы. Паняцце «Дз.» выкарыстоўваецца ў аналітычнай механіцы, а пры адпаведных абагульненнях у тэорыі пругкасці, электра- і тэрмадынаміцы, квантавай механіцы і тэорыі поля. Гл. таксама Найменшага дзеяння прынцып.

А.І.Болсун.

т. 6, с. 109

ДЗЕ́ЯННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

акт дзейнасці індывід. і калект. суб’екта па пераўтварэнні наяўных грамадскіх адносін у інш. адпаведна яго інтарэсам і мэтам. Дыферэнцыруюцца на эканам., грамадска-паліт., пазнавальныя, камунікатыўна-ідэалаг. (рэліг., эстэт., маральныя і інш.). Вылучаюць Дз.с. рэв., рэфармісцкія, прагрэс., рэакцыйныя, стыхійна-імпульсіўныя, арганізаваныя, дэструктыўныя, навацыйныя і інш. Прадстаўнікі зах. сацыялогіі засяроджваюць увагу на асобасным аспекце Дз.с., дзе ў якасці суб’ектаў разглядаюцца індывіды, якія знаходзяцца ў кантактных міжасобасных адносінах (інтэракцыях). Па асобасных крытэрыях яны падзяляюць Дз.с. на мэтарацыянальныя, каштоўнаснарацыянальныя, афектыўныя, традыцыйныя (М.Вебер), інтэлектуальныя, экспрэсіўныя, маральныя (Т.Парсанс), тэлеалагічныя, нормарэгулюючыя, драматургічныя, камунікатыўныя (Ю.Хабермас). Сацыёлагі А.Гідэнс, А.Турэн, П.Штомпке і інш. прапаноўваюць размежаваць дзейнасць структур (цывілізацый, дзяржаў і г.д.) і сац. індывіда, лічаць, што праблема Дз.с. павінна вырашацца з улікам супярэчлівага ўзаемапранікнення яго структурнага і асобаснага аспектаў, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага момантаў грамадскага развіцця. Марксісцкая тэорыя звязвае калект. Дз.с. з аналізам зместу актыўнасці сукупнага суб’екта, яго патрэб і інтарэсаў, мэт ідэалогіі, а таксама сродкаў, спосабаў і вынікаў гэтых дзеянняў.

Літ.:

Социальное действие. Мн., 1980;

Штомпке П. Социология социальных изменений: Пер. с англ. М., 1996.

Ю.А.Харын.

т. 6, с. 109

ДЗЕ́ЯННЯ І ПРОЦІДЗЕ́ЯННЯ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў механікі (трэці закон Ньютана). Гл. ў арт. Ньютана законы механікі.

т. 6, с. 109

ДЗЕЯСЛО́Ў,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).

У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.П.Шуба.

т. 6, с. 109

ДЗЁБЕРАЙНЕР (Dobereiner) Іаган Вольфганг

(15.12.1780, каля г. Гоф, зямля Баварыя, Германія — 24.3.1849),

нямецкі хімік, адзін з заснавальнікаў хім. каталізу. З 1810 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па класіфікацыі хім. элементаў, каталізе. Адкрыў каталітычнае ўздзеянне раздробленай пла́ціны (1821—22). Зрабіў спробу класіфікацыі элементаў па іх атамных масах (т. зв. трыяды Дз.).

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

т. 6, с. 109