Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРО́ДНЯ,

адна з назваў г. Гродна ў старажытнасці. Ужывалася таксама ў 1920—30-я г. ў зах.-бел. друку.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНЯ, гарадня́,

тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.

С.А.Сергачоў.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНЯ Алесь

(сапр. Функ Аляксандр Эраставіч; 1899, г. Перм, Расія — 12.9.1944),

бел. празаік, крытык. Да бел. культуры далучыўся ў Маскве, куды ў 1917 прыехаў на вучобу. Быў чл. маскоўскай арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады. Працаваў тэхрэдам час. «Чырвоная Беларусь». У 1930 арыштаваны за «контррэв. дзейнасць» і адбываў зняволенне да 1934. У 1942 зноў асуджаны і памёр у зняволенні. Друкавацца пачаў у 1925. Аўтар аповесцей «На крэсах» (1925) і «Варта на Рэйне» (1927—28), апавяданняў, крытычных артыкулаў. Як крытык стаяў на пазіцыях ваяўнічага вульгарнага сацыялагізму.

т. 5, с. 68

ГАРО́НА

(Garonne),

рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл. бас. 56 тыс. км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.

т. 5, с. 68

ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,

на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.

т. 5, с. 68

«ГАРО́ТНІК»,

бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 68

ГАРО́Х

(Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.С.Купцоў.

т. 5, с. 68

ГАРО́ХАВІК Валянцін Вікенцьевіч

(н. 29.3.1949, в. Харошае Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1991). Скончыў БДУ (1970). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейным аналізе, тэорыі аптымізацыі і аптымальных сістэмах кіравання. Распрацаваў новыя метады лакальнага аналізу нягладкіх і мнагазначных адлюстраванняў.

Тв.:

Выпуклые и негладкие задачи векторной оптимизации. Мн., 1990.

т. 5, с. 69

ГАРО́ХАЎКА,

вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Бабруйск, 135 км ад Магілёва. 516 ж., 184 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 5, с. 69

Гарохаў Вадзім Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 370