БЯЛЬМО́,
лейкома, рубцовае памутненне рагавой абалонкі вока. Бывае прыроджанае (запаленне рагавіцы ў перыяд унутрывантробнага развіцця) і набытае (вынік хвароб, траўмаў вачэй). Бяльмо можа займаць усю паверхню рагавіцы або яе частку. У залежнасці ад памераў і інтэнсіўнасці памутнення зрок значна пагаршаецца або поўнасцю страчваецца. Рагавая абалонка набывае белаваты колер з бліскучай паверхняй. Часта ў яе ўрастаюць крывяносныя сасуды. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірургічнае — кератапластыка.
Д.М.Марчанка.
т. 3, с. 404
БЯЛЬМО́НТЫ,
курганны могільнік балта-славянскага насельніцтва (8—10 ст.) на тэр. б. маёнтка Бяльмонты каля в. Ахрэмаўцы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Даследаваны 14 курганоў у 1892, 1938, 1970-я г. і 1982. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены жал. і бронзавыя спражкі, пярсцёнак, лунніцападобныя скроневыя кольцы, фрагменты бронзавага ўпрыгожання, ляпныя пасудзіны.
т. 3, с. 404
БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,
былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.
К.С.Шыдлоўскі.
т. 3, с. 404
БЯЛЮ́К
(Anthericum),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (А. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (А. liliago).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ВІН Евель Самуілавіч
(3.5.1920, г. Барысаў — 10.9.1972),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскі аэраклуб (1937), ваен. школу лётчыкаў (1939). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Закаўказскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: камандзір авіязвяна, эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў. Зрабіў каля 300 баявых вылетаў. Да 1972 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 404
БЯЛЯЕ́ВА Людміла Міхайлаўна
(н. 20.6.1948, г.п. Узда Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1979 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі.
Тв.:
Основы кардиологии детского возраста: Справ. Мн., 1991 (у сааўт.).
т. 3, с. 404
БЯЛЯ́ЕЎ Аляксандр Раманавіч
(16.3.1884, Смаленск — 6.1.1942),
рускі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў навук.-фантастычнага жанру ў рус. л-ры. Аўтар раманаў (больш за 50), у якіх — праблемы навукі і тэхнікі будучага, асваення Сусвету і міжпланетных палётаў, біялогіі, медыцыны і фізікі («Галава прафесара Доўэля», 1925; «Чалавек-амфібія», «Барацьба ў эфіры», абодва 1928; «Скачок у нішто», 1933, «Зорка КЭЦ», 1936, «Пад небам Арктыкі», 1938; «Арыэль», 1941; «Калі патухне святло», апубл. 1960, і інш.). У яго творах — сац. вастрыня, спалучэнне навуковасці, займальнасці і гумару.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1983—85.
Літ.:
Ляпунов Б. А.Беляев: Критикобиогр. очерк. М., 1967.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 404