БЫЧКО́ВЫ,
удзельнікі нарадавольскага руху 1870—80-х г., браты.
Яўген Іванавіч (1858, г. Горкі Магілёўскай вобл. — ?). Вучыўся ў Горным ін-це і Кіеўскім пях. вучылішчы, арганізоўваў ваен. гурткі нарадавольцаў. 30.3.1881 арыштаваны і сасланы пад нагляд паліцыі ў Падольскую губ., адкуль падтрымліваў сувязі з ваен. арг-цыяй «Народнай волі». У студз. 1884 прыцягнуты да следства па справе забойства жандарскага падпалк. Судзейкіна — фактычнага кіраўніка тайнага паліт. вышуку ў Расіі.
Уладзімір Іванавіч (1861, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 18.8.1883). У рэв. рух уключыўся ў 1878 у Кіеўскім ун-це. У 1879 арганізаваў тэрарыст. гурток, які прыняў праграму «Народнай волі». Вёў прапаганду сярод рабочых, вайскоўцаў, вучнёўскай моладзі, падрыхтаваў замах на жандарскага падпалк. Судзейкіна. Арыштаваны 30.3.1881 і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. 19.12.1882 уцёк з турмы, узначаліў харкаўскую групу нарадавольцаў. У 1883 у Томску спрабаваў наладзіць уцёкі ссыльных, пры арышце застрэліўся.
Аляксандр Іванавіч (1862, с. Ябланаўка Лысянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.9.1925). Як дзеяч кіеўскай групы нарадавольцаў 30.3.1881арыштаваны і сасланы на 3 гады ў Магілёўскую губ. пад нагляд паліцыі. У студз. 1881 прыгавораны ваен. судом да 10 гадоў катаржных работ і на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. 24.12.1887 уцёк з турмы, намагаўся аднавіць «Народную волю». У вер. 1888 зноў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1918 чл. Харкаўскага Савета рабочых дэпутатаў.
М.В.Біч.
т. 3, с. 382
БЫЧКО́Ў Афанасій Фёдаравіч
(27.12.1818, г. Хаміна, Фінляндыя — 14.4.1899),
рускі гісторык-славіст, археограф і бібліёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1869; з 1866 экстраардынарны акадэмік). Старшыня Археагр. камісіі (1891), Аддзялення рус. мовы і славеснасці АН (1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1840). Працаваў у Археал. камісіі АН. З 1844 хавальнік Аддзела рукапісаў і старадрукаваных кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу, у 1882—99 яе дырэктар. Рыхтаваў навук. апісанні рукапісных і старадрукаваных кніг, выдаваў летапісы, «Пісьмы і паперы Пятра Вялікага» (т. 1—4). У публікацыях пра старадаўнія помнікі рус. пісьменства закранаў і бел. помнікі (Метрыку ВКЛ, творы Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў і інш.). Рэдактар «Слоўніка беларускай мовы» І.І.Насовіча, садзейнічаў выпуску яго ў свет.
А.К.Каўка.
т. 3, с. 382
БЫЧКО́Ў Іван Афанасьевіч
(31.8.1858, С.-Пецярбург — 23.3.1944),
савецкі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1903). Сын А.Ф.Бычкова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). З 1881 хавальнік Аддз. рукапісаў Публічнай б-кі (зараз Рас. нац. Б-ка, С.-Пецярбург). Працягваў выданне «Пісьмаў і папер Пятра Вялікага» (т. 5—7), апублікаваў матэрыялы пра рас. дзярж. дзеячаў і пісьменнікаў 19 ст., апісанне калекцый рукапісаў Публічнай б-кі.
т. 3, с. 382
БЫЧКО́Ў Уладзімір Сяргеевіч
(н. 5.1.1929, Масква),
рускі кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1958). Дэбютаваў на кінастудыі «Ленфільм». У 1962—68 і 1982—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1969—80 на кінастудыі імя Горкага. Сярод фільмаў: «Горад майстроў» (1966), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Здабытак рэспублікі» (1972), «Канцэрт» (1973), «Ёсць ідэя» (1977), «Асенні падарунак феяў» (1984), «Палёт у краіну пачвар» (1986).
т. 3, с. 382
БЫЧКО́ЎСКІ Адам
(1889, фальварак Талочкі Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Саколкаўскі пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 18.11.1937),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т; працаваў суддзёй у Саколцы, адвакатам у Варшаве. Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, заснавальнік «Асветнага таварыства беларусаў» у Варшаве (дзейнічала ў 1930-я г.). Аўтар сцэнічнага абразка «Сваты», які ставілі многія самадзейныя драм. гурткі ў Зах. Беларусі.
А.С.Ліс.
т. 3, с. 382
БЫЧКО́ЎСКІ Ціт
(1799, г.п. Лагойск Мінскай вобл. — 1843),
бел. жывапісец. З прыгонных графа Тышкевіча. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. У 1827 з дапамогай Тышкевіча пасланы ў Германію, дзе займаўся капіраваннем экспанатаў Дрэздэнскай галерэі. У 1836—42 у Мюнхенскай АМ. У 1843 паехаў у Венецыю, дзе раптоўна скончыў самагубствам. Аўтар карцін: «Касец, што менціць касу», «Дзяўчынка з разбітым збанам», «Музыкант настройвае віяланчэль», «Варажбітка прадказвае лёс», «Святая Вікторыя збірае сродкі для беднякоў», партрэтаў Ю.Славацкага (1831), К.Князевіча, генерала Вайчынскага (1836, музей А.Міцкевіча ў Варшаве) і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. М., 1974. С. 100—104.
Н.В.Федасеенка.
т. 3, с. 382
«БЫЧО́К»,
бел. народны танец. Муз. памер . Тэмп умераны ці хуткі. Вядомы ў некалькіх харэагр. варыянтах: найб. старажытны блізкі да карагодаў (танцоры імітавалі баданне бычкоў); пазнейшыя — да кадрылі; сустракаюцца сольныя імправізацыйныя варыянты. У рознай ступені выкарыстоўваючы нар. аснову танца, бел. балетмайстры стварылі шэраг яркіх сцэн. пастановак (у т. л. харэагр. карцінка «Бычкі» ў паст. К.Алексютовіча, жарт. танец «Бычкі» ў паст. А.Апанасенкі). Пашыраны па ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 382
БЫЧО́К-ПЯСО́ЧНІК (Neogobius fluviatilis) рыба сям. бычковых атр. акунепадобных. Пашыраны ў рэках бас. Чорнага і Азоўскага мораў. У Каспійскім м. жыве блізкі падвід. На Беларусі ёсць у Дняпры, Сажы, Прыпяці, Бярэзіне. Трымаецца пясчаных перакатаў з умераным цячэннем.
Даўж. да 20 см, маса каля 50 г. Цела буравата- або жаўтавата-шэрае з 8—12 бурымі плямамі ўздоўж бакоў. Брушныя плаўнікі ўтвараюць круглы прысосак. У перыяд нерасту самцы чорныя. Корміцца доннымі арганізмамі. Аб’ект промыслу.
т. 3, с. 382
БЫЧЫ́ХА,
вёска ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. Чыгуначная ст. на лініі Невель—Віцебск. За 24 км на Пн ад г. Гарадок, 63 км ад Віцебска. 674 ж., 277 двароў (1995). Перасоўная механізаваная калона, сепаратарны пункт. Сярэдняя школа, філіял Езярышчанскай муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, аптэка, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 382