БЫЧКО́ВЫ,
удзельнікі нарадавольскага руху 1870—80-х г., браты.
Яўген Іванавіч (1858, г. Горкі Магілёўскай вобл. — ?). Вучыўся ў Горным ін-це і Кіеўскім пях. вучылішчы, арганізоўваў ваен. гурткі нарадавольцаў. 30.3.1881 арыштаваны і сасланы пад нагляд паліцыі ў Падольскую губ., адкуль падтрымліваў сувязі з ваен. арг-цыяй «Народнай волі». У студз. 1884 прыцягнуты да следства па справе забойства жандарскага падпалк. Судзейкіна — фактычнага кіраўніка тайнага паліт. вышуку ў Расіі.
Уладзімір Іванавіч (1861, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 18.8.1883). У рэв. рух уключыўся ў 1878 у Кіеўскім ун-це. У 1879 арганізаваў тэрарыст. гурток, які прыняў праграму «Народнай волі». Вёў прапаганду сярод рабочых, вайскоўцаў, вучнёўскай моладзі, падрыхтаваў замах на жандарскага падпалк. Судзейкіна. Арыштаваны 30.3.1881 і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. 19.12.1882 уцёк з турмы, узначаліў харкаўскую групу нарадавольцаў. У 1883 у Томску спрабаваў наладзіць уцёкі ссыльных, пры арышце застрэліўся.
Аляксандр Іванавіч (1862, с. Ябланаўка Лысянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.9.1925). Як дзеяч кіеўскай групы нарадавольцаў 30.3.1881арыштаваны і сасланы на 3 гады ў Магілёўскую губ. пад нагляд паліцыі. У студз. 1881 прыгавораны ваен. судом да 10 гадоў катаржных работ і на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. 24.12.1887 уцёк з турмы, намагаўся аднавіць «Народную волю». У вер. 1888 зноў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1918 чл. Харкаўскага Савета рабочых дэпутатаў.
М.В.Біч.
т. 3, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)