БЫЧКО́Ў Афанасій Фёдаравіч
(27.12.1818, г. Хаміна, Фінляндыя — 14.4.1899),
рускі гісторык-славіст, археограф і бібліёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1869; з 1866 экстраардынарны акадэмік). Старшыня Археагр. камісіі (1891), Аддзялення рус. мовы і славеснасці АН (1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1840). Працаваў у Археал. камісіі АН. З 1844 хавальнік Аддзела рукапісаў і старадрукаваных кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу, у 1882—99 яе дырэктар. Рыхтаваў навук. апісанні рукапісных і старадрукаваных кніг, выдаваў летапісы, «Пісьмы і паперы Пятра Вялікага» (т. 1—4). У публікацыях пра старадаўнія помнікі рус. пісьменства закранаў і бел. помнікі (Метрыку ВКЛ, творы Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў і інш.). Рэдактар «Слоўніка беларускай мовы» І.І.Насовіча, садзейнічаў выпуску яго ў свет.
А.К.Каўка.
т. 3, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)