Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́ЛЬДЭНБУРГ (Oldenburg),

горад на ПнЗ Германіі, зямля Ніжняя Саксонія. Упершыню згадваецца ў 1108. Каля 150 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Хунтэ каля пачатку суднаходнага канала Хунтэ-Эмс (Кюстэнканал). Прам-сць: эл.-тэхн., харч., тэкстыльная. Адм. акадэмія. Ун-т. Бат. сад. Паблізу здабыча нафты і прыроднага газу.

т. 11, с. 434

О́ЛЬСА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км!. Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.

А.А.Макарэвіч.

т. 11, с. 434

О́ЛЬСКІ (Ян Калікставіч) (сапр. Кулікоўскі; 1898, маёнтак Бутрымавічы Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва —27.11.1937),

савецкі дзярж. дзеяч. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У 1917—18 на парт. і сав. рабоце ў Вільні. З 1919 у органах дзяржбяспекі: у 1921—22 старшыня ЧК, у 1922—23 — ДПУ БССР. У 1923—31 гал. інспектар Гал. інспекцыі войск АДПУ, нам. нач. асобага аддзела, пам. нач., потым нач. контрразведкі АДПУ, нач. асобага аддзела АДПУ пры СНК СССР. З 1931 на гасп. рабоце. 30.5.1937 арыштаваны «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 11, с. 434

О́ЛЬСТЭР (Ulster),

гістарычная вобласць на Пн в-ва Ірландыя, што ахоплівае тэр. Паўночнай Ірландыі і часткі Ірл. Рэспублікі (графствы Каван, Донегал і Монахан). У раннім сярэднявеччы самаст. каралеўства Улідыя. У 1177 заваявана англа-нармандцамі, з 1205 — графства, з 1461 — пад уладай англ. кароны. У 1585—1608 тут створаны 9 адм. акруг — Антрым, Даўн, Арма, Монахан, Калрэйн (з 1613 Ландандэры, з 1984 Дэры), Донегал, Тырон, Фермана, Каван. З 1609 Ландандэры, Тырон, Донегал і Каван заселены англічанамі і шатландцамі. Пасля Ірландскага паўстання 1641—52 большасць мясц. землеўладальнікаў-ірландцаў пазбаўлена ўласнасці. Далейшая каланізацыя О. англічанамі і шатландцамі (пратэстанты паводле веравызнання) абвастрыла іх адносіны з тутэйшымі ірландцамі (вернікі-католікі) на рэліг. глебе (узбр. сутыкненні ў 1798 і з 1886). Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 б.ч. О. пасля правядзення тут плебісцыту засталася пад уладай англічан як Паўн. Ірландыя (6 населеных пераважна пратэстантамі графстваў: Антрым, Даўн, Арма, Фермана, Тырон і Ландандэры), меншая ўвайшла ў новаствораную ірл. дзяржаву як яе прав. Ольстэр.

т. 11, с. 434

О́ЛЬСТЭР (Ulster),

адм.-паліт. частка Вялікабрытаніі на Пн в-ва Ірландыя; гл. ў арт. Паўночная Ірландыя.

т. 11, с. 434

О́ЛЬШТЫН (Olsztyn),

горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.

Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.

т. 11, с. 434

ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл. Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.

Літ.:

Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.

А.І.Болсун.

Г.С.Ом.

т. 11, с. 435

ОМ,

адзінка электрычнага супраціўлення ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Г.С.Ома. Абазначаецца Ом. Для актыўнага (амічнага) супраціўлення 1 Ом роўны супраціўленню правадніка, у якім працякае ток сілай 1 А пры напружанні на яго канцах 1 В: 1 Ом = 1 В/1 А.

Для рэактыўнага (ёмістаснага і індуктыўнага) супраціўлення Xc = 1/ωC і XL= ωL, дзе Cэл. ёмістасць, L — індуктыўнасць участка эл. ланцуга; 1 Ом = 1 с/Ф і 1 Ом = 1 Гн/с адпаведна. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюць кратныя і дольныя адзінкі: мегом (10​6 Ом) кілаом (10​3 Ом), міліом (10​−3 Ом), мікраом (10​−6 Ом) і інш.

А.І.Болсун.

...ОМА (грэч. -ōma), канчатак у назвах пухлін, напр., адэнома, гематома, меланома.

т. 11, с. 435

О́МАЛЬ, Куль,

у міфалогіі комі бог — стваральнік сусв. зла, валадар злых духаў. Ён процістаіць свайму брату Ену — стваральніку добрай і праведнай часткі свету. З крыві О. нарадзіліся жывёлы і першая жанчына, у ходзе яго барацьбы з Енам узніклі зямная суша, акіяны і моры; ад скінутых О. з неба жонкі і дзяцей Ена пайшлі людзі. Ен хітрасцю зняволіў О. і яго злых духаў у пекла. Калі О. вызваліцца, паміж ім і Енам адбудзецца вял. бітва. Роднасны О. вобраз — Куль — ёсць у мансійскай міфалогіі.

т. 11, с. 435